Палітвязень Глеб Койпіш выйшаў на волю пасля двух гадоў «хіміі» — і яшчэ два палітвязні. 20 чэрвеня на памежным пункце «Катлоўка» была затрыманая жанчына — яе знялі з рэйсавага аўтобуса. Фігуранта «справы Ціханоўскага» Уладзіміра Кнігу будуць судзіць па новай крымінальнай справе — за непадпарадкаванне адміністрацыі. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 19 па 25 чэрвеня.
Уладзімір Гемза з Ліды прызнаны палітзняволеным
Яго асудзілі на два гады калоніі за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт.130 КК) у каментарах.

Фігуранта «справы Ціханоўскага» Уладзіміра Кнігу будуць судзіць па новай крымінальнай справе — за непадпарадкаванне адміністрацыі
Былога сілавіка Уладзіміра Кнігу асудзілі на чатыры гады калоніі строгага рэжыму. Пазней палітвязню ўзмацнілі рэжым і перавялі ў жодзінскую турму, паведамляе «Вясна».
У Жодзіне 29 чэрвеня над ім адбудзецца суд паводле арт. 411 КК «Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі». Справу будзе разглядаць суддзя Іван Грынкевіч — ён жа нядаўна асудзіў па гэтым артыкуле і Сяргея Ціханоўскага.

За абразы на адрас судовага выканаўцы жыхару Гродзеншчыны прызначылі штраф
У красавіку жыхар Слонімскага раёна напісаў на службовы нумар у Viber начальніку аддзела прымусовага выканання раёна. У яго паведамленні былі абразы ў непрыстойнай форме. Мужчына быў даўжніком. Судовы выканаўца звязваўся з ім па тэлефоне і нагадваў аб пагашэння запазычанасці. У выніку ён звярнуўся ў АУС, і справа пайшла ў суд, паведамляе «Гродзенская праўда».
Суд прызначыў пакаранне ў выглядзе штрафу ў 30 базавых велічынь (1110 рублёў). Па якім артыкуле — адміністрацыйнай або крымінальнай — распачалі справу, невядома.
Былога супрацоўніка міліцыі асудзілі на тры гады «хіміі» за паклёп на Лукашэнку
У судзе Лідскага раёна 1 чэрвеня вынесены прысуд 53-гадоваму Юрыю Царэвічу, абвінавачанаму ў паклёпе ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі па ч.2 арт. 367 КК. Гэты пост ён размясціў у «Одноклассниках» і Telegram-каналах «Крыніца-Chat» і «Іхтыяндры Гродна».
Суддзя Аляксандр Мішураў прызначыў Царэвічу тры гады «хіміі». Яму змянілі заключэнне пад варту на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах, паведамляе «Вясна».
Юрый Царэвіч да сыходу на пенсію працаваў у Лідскім аддзеле аховы супрацоўнікам міліцыі. Быў вымушаны звольніцца з аховы пасля таго, як зьявілася інфармацыя пра тое, што пачалося следзтва над ім. Юрыя арыштавалі на працы, ён працаваў ахоўнікам у краме «Еўраопт».
Таксама Юрый — выдатны спартсмен, майстар спорту па стральбе, мае траіх дзяцей.
Раней Царэвіча судзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

Журналіста Андрэя Пачобута перавялі ў наваполацкую калонію
Там ён будзе адбываць пакаранне — восем гадоў пазбаўлення волі па арт. 361 КК «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» і арт. 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці», паведамляе «Вясна».

Віталь Чарнавусаў з Ліды асуджаны па абвінавачванні ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці
Па арт. 361−2 КК яго асудзілі да пяці гадоў калоніі і штрафу ў 15 000 рублёў за ахвяраванні фонду, які падтрымлівае ахвяр адвольных палітычна матываваных рэпрэсій.
Яго прызналі палітвязнем 21 чэрвеня.
У Мастах прайшлі ператрусы ў доме кіраўніка фонду «Беларускі фонд у Варшаве» Алеся Зарэмбюка
Грамадскі і палітычны актывіст шмат гадоў жыве ў Польшчы.
«Сёння па месцы майго жыхарства і прапіскі ў Мастах прайшлі два ператрусы. Прадстаўнікі Следчага камітэта з Гродна дапыталі тату, цяпер дапытваюць у царкве маму (мама — настаўніца — вядзе ў царкве заняткі з дзеткамі). Супраць мяне распачалі тры крымінальныя справы», — напісаў ён 21 чэрвеня ў Facebook, піша Беларускае радыё Рацыя.

У Гродне за масавыя беспарадкі асудзілі медыка
У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 22 чэрвеня вынеслі прысуд 24-гадоваму медыку Артуру Хлусу. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч.2 арт. 293 КК) і асудзілі на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе «Вясна».
Яго затрымалі 22 кастрычніка 2022 года за рэгістрацыю ў плане «Перамога» і за ўдзел у пратэстах і да суда змясцілі ў СІЗА гродзенскай турмы № 1. Разгляд справы пачаўся 27 лютага 2023 года. Суддзя з Дзмітрыя Кедаля змяніўся на Маргарыту Ланцэвіч.
Палітвязень Артур Хлус да затрымання працаваў фельчарам гродзенскай брыгады хуткай дапамогі і з’яўляўся студэнтам Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Артур родам з Пінска. Вучыўся ў Слонімскім медыцынскім каледжы, скончыў з чырвоным дыпломам і па заканчэнні быў размеркаваны ў Гродна.
19 траўня 2023 года КДБ дадаў палітвязня ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

Затрыманне ў Мастах
Жыхара Мастоў затрымалі за «недабразычлівыя» каментары ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і супрацоўнікаў міліцыі ў Youtube і Telegram. Паводле версіі сілавікоў, ён таксама прайшоў рэгістрацыю ў плане «Перамога».
Мужчыну затрымалі ў адных трусах.

Затрыманне на беларуска-літоўскай мяжы
20 чэрвеня на памежным пункце «Катлоўка» была затрыманая жанчына — яе знялі з рэйсавага аўтобуса. Яе далейшы лёс невядомы, паведамляе «Вясна».
Вядома, што ў траўні ў Астраўцы адбылося некалькі судоў над затрыманымі на беларуска-літоўскай мяжы. Вядома пра два штрафы ў 1110 рублёў і 5 дзён арышту за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы.
Палітвязень Кірыл Суслін цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю
Хлопца затрымалі за каментары па «справе Зельцара», а абвінавацілі па арт.342 КК. 6 лютага 2023 года яго прысудзілі да 2,5 гадоў калоніі. Вядома, што Кірылу прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся, бо не лічыў сябе вінаватым.
Свой тэрмін Суслін адбываў у шклоўскай ПК № 17, паведамляе «Вясна».

Гродзенец Андрэй Сцепаненка выйшаў на волю
У красавіку 2022 года гродзенца асудзілі на паўтара года калоніі за каментар у чаце выпускнікоў, дзе было 10 чалавек. Супрацоўнік РАУС пры затрыманні адкрыў чат выпускнікоў-ліцэістаў і ўбачыў там каментар, які палічылі абразай прэзідэнта (арт. 368 КК)
Ён адбываў тэрмін у бабруйскай калоніі. Яго неаднаразова змяшчалі ў СІЗА.

Затрыманне ў Гродне
Гродзенца затрымалі за «шэраг экстрэмісцкіх каналаў» у Telegram і Instagram і каментары ў адрас сілавікоў. На яго выйшлі пасля размовы з правакатарам у чат-рулетцы, дзе ён падтрымаў Украіну.

Новыя «экстрэмісты»
Царэвіч Юрый Віктаравіч з Ліды, Пачобут Андрэй Станіслававіч і Баравік Аляксандр Фёдаравіч з Гродна 23 чэрвеня ўнесены ў «спіс экстрэмістаў».
Двух гродзенцаў асудзілі за ўдзел у пратэстах
23 чэрвеня 2023 года ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна вынеслі прысуд двум гродзенцам паводле ч.1 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Суддзя — Уладзімір Пазняк.
- Савашынская Ірына Мікалаеўна — 2 гады «хатняй хіміі»;
- Паўленка Аляксей Мікалаевіч — 1,5 года «хіміі».
Палітвязняў адпусцілі ў зале суда, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».
Музыкі гурта Irdorath Уладзімір і Надзея Калач з’ехалі з Беларусі і знаходзяцца ў бяспецы
Надзею і Уладзіміра прысудзілі да двух гадоў калоніі. Іх абвінавацілі ў актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі (арт. 342 КК). У красавіку яны выйшлі на волю, цалкам адбыўшы тэрмін, паведамляе «Вясна».

Палітвязень Глеб Койпіш выйшаў на волю
Стваральнік фірмы «Іквадарт» Глеб Койпіш быў асуджаны на два гады «хіміі» паводле арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Ён адбываў прысуд у ПУАТ № 21 Мазыра, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
За гэты час некалькі разоў яго судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. У траўні Глебу ўзмацнілі пакаранне і перавялі ў следчы ізалятар. Мужчыну ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў».
Глебу прапаноўвалі з’ехаць ад пераследу, але ён вырашыў застацца ў Беларусі.

Палітзняволенаму журналісту Дзянісу Івашыну ўзмацнілі рэжым: яго адправілі ў турму
Дзяніс Івашын з 19 чэрвеня 2023 года знаходзіцца ў турме № 8 Жодзіна. Інфармацыю паведамілі ў лісце на імя яго мамы Людмілы Івашынай-Добінай. Ліст прыйшоў ад начальніка спецаддзела ўстановы маёра ўнутранай службы Царкоўнага. У лісце на імя маці няправільна пазначылі імя па бацьку Дзяніса. Яго назвалі «Сяргеевічам», а не «Яўгенавічам».

Гродзенскую актывістку Анжаліку Арэхва не выпусцілі з Беларусі
Актывістку не прызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Анжаліку Арэхву 23 чэрвеня не выпусцілі з Беларусі. Пра прычыны ёй не паведамілі і параілі звярнуцца ў мясцовы РАУС.

У Гродне падпалілі патрульную машыну каля аддзялення, проста пад камерамі
У Гродне затрымалі жанчыну, якая, па звестках УУС, падпаліла міліцэйскі аўтамабіль. Для падпалу яна абрала стаянку перад аддзяленнем міліцыі, на якой былі ўсталяваныя камеры.

Бондарава запісала «пакаяннае» відэа з самой сабой. Навошта?
Праўладная актывістка з Гродна Вольга Бондарава апублікавала ў сябе ў канале «афіцыйную заяву». У ёй яна просіць прабачэнне ва «ўсіх, каго магла пакрыўдзіць неасцярожным словам». Раней Бондарава ўступіла ў канфлікт з кіраўніком абласной міліцыі Дзмітрыем Рэзянковым.
Беларусаў пачалі распранаць на мяжы — у рамках асабістага дагляду
Пра як мінімум адзін выпадак поўнага асабістага догляду ў пункце пропуску «Беняконі» распавялі ў адным з чатаў. Гэта значыць, чалавека распранулі прама да майткоў. Акрамя гэтага, агледзелі тэлефон і правялі «гутарку».