Сярэдні час праходжання беларуска-польскай мяжы на аўтобусе – 15-20 гадзін. Але працэдуру можна паскорыць. Напрыклад, перасесці ў аўтобус, які ў чарзе стаіць бліжэй да шлагбаўма. Вядома, за грошы. Як яшчэ сёння зарабляюць на мяжы, даведалася “Медыязона”?

1. Прадаюць каву
З лютага 2023 года патрапіць у Польшчу з Беларусі можна толькі праз пункт пропуска “Брэст – Цярэспаль” альбо ў аб’езд праз Літву. У выхадныя дні, калі колькасць аўтобусаў павялічваецца, у чарзе ў “Брэсце” можна ўбачыць чалавека, які ходзіць паміж аўтамабілямі. Ён прадае кіроўцам і пасажырам каву з малаком. Цана – два рублі за кубачак.
2. Прадаюць месца ў аўтобусах
Пасажыры, якія спазняюцца альбо хочуць хутчэй прайсці мяжу, могуць перасесці ў аўтобус, які стаіць бліжэй да шлагбаума. Кіроўцы бяруць за гэта ў сярэднім 100 злотых або 50 рублёў. Прымаюць любую валюту. За гэтыя грошы могуць давезці да Варшавы. Падсесці ў аўтобус да Цярэспаля альбо Бялай-Падляскай – €10 альбо 25 рублёў.
Такіх перасадак можа быць некалькі. Напрыклад, калі чалавек спазняецца, ён можа перасесці ў аўтобус перад беларускай мяжой, а калі яе пройдзе, то перайсці ў аўтобус, які стаіць бліжэй да польскай мяжы.
3. Прадаюць месца ў чарзе
Праходзіць мяжу на аўтамабілі можна больш за суткі. Перад уездам у зону чакання кіроўцы павінны аплаціць электронную чаргу. Перад шлагбаўмам ёсць будка, дзе адбываецца рэгістрацыя.
Месцы ў чарзе прадаюць перад шлагбаўмам. Кіроўцам могуць не толькі прадаць месца, а яшчэ і пастаяць за іх у чарзе. Такая паслуга каштавала ў жніўні 2022 ад 50 рублёў да € 100. Канчатковая цана залежала ад адлегласці да накапляльніка перад мяжой. Цяпер паведамленні пра продаж месцаў у чарзе выдаляюць з памежных чатаў адміністратары.
“Медыязона” знайшла двух кіроўцаў, гатовых аказаць такія паслугі. Адзін быў не супраць прастаяць у чарзе ў “Прывалцы” за 10 рублёў у гадзіну плюс 15 рублёў за паліва. Другі кіроўца быў гатовы прадаць месца ў чарзе на мяжы з Польшчай за $ 10.
4. Вязуць тэхніку
Некаторыя беларусы зараблюць на тэхніцы: купляюць у Польшчы і прадаюць у Беларусі. Напрыклад, на кансолях Sony PlayStation 5 и Nintendo Switch у 2022 годзе можна было зарабіць 400 рублёў з аднаго продажу.
Прыстаўка Sony PlayStation 5 у польскім Mediaexpert каштуе зараз $ 678, у беларускім “5 элеменце” – $1017. Розніца – $339, і гэта без уліку магчымасці вярнуць ПДВ (VAT).
5. Афармляюць чужыя тавары
У чаце “ГраницаBY” ёсць аб’явы ад людзей, якія гатовыя прывезці тэхніку, алкаголь, парфюм. Цана паслугі залежыць ад тавара. Напрыклад, за прывоз тэлевізара з дыяганаллю 42 дзюймы трэба заплаціць $100. Прывезці адну шыну для аўтамабіля – $30.
Некаторыя кіроўцы могуць узяць пасажыра на падсадку, а замест аплаты папросяць іх перавезці частку тавараў, каб не перавышаць мытныя абмежаванні. За суму ад $5 да $20 кіроўцы альбо пасажыры могуць прывезці дакументы, лекі, а таксама невялікія перадачы.
Чытайце таксама: Дзе беларусам аформіць «Зялёную карту» для выезду за мяжу?


