На мосце па вуліцы Рыбацкая ў Гродне, закрытым ужо больш за год, пачалі рамонтныя работы. Рабочыя разбіраюць агароджу і здымаюць з моста пліты. Пралётнае збудаванне збіраюцца цалкам замяніць.
Таксама ў планах рамонт крайніх апор. Новае пралётнае збудаванне будзе металічным, удакладнілі на «Гродна Плюс». На галоўныя бэлькі пакладуць жалезабетонныя пліты і асфальт. Пасля гэтага збіраюцца аднавіць адхоны і азеляніць бераг.
Рэканструкцыяй займаецца дарожна-будаўнічы трэст № 6. На будаўнічыя работы па планах сыдзе 5 месяцаў.
Мост на Рыбацкай праверылі на аварыйнасць і закрылі яшчэ ў студзені 2022 года. Прычынай дрэннага стану моста назвалі ўзрост і надвор’е. Першапачаткова рамонт планавалі пачаць улетку 2022 года. Тады збіраліся дэмантаваць пралёты моста, разабраць конусы, усталяваць новую пралётную пабудову на дзве паласы руху, пры гэтым максімальна захаваць зялёныя насаджэнні.
Пасля згодна з дзяржзакупкай тэрміны змянілі. На рэканструкцыю планавалі выдаткаваць да 2 млн рублёў.
Увесь гэты час жыхарам прыватнага сектара на вуліцы Рыбацкай даводзіцца ездзіць дадому праз Переселку.
Сёлета цяперашняму мосту спаўняецца 38 гадоў. Яго даўжыня — 12 метраў. Раней мост на Рыбацкай перабудоўваўся ў 1970-я гады, пісаў Віктар Саяпін.
Чытайце таксама: Правядуць асвятленне і адновяць парэнчы. У Гродне распрацоўваюць праект рэканструкцыі пешаходнага моста на Фамічова