У Гродне пачаўся капітальны рамонт участка дарогі паміж горадам і Каробчыцамі. Праз гэта на пад’ездзе да Юбілейнага возера арганізавалі рэверсіўны рух, а кіроўцы сутыкнуліся з заторамі.

Што адбываецца на дарозе

На ўчастку, які рамантуецца, усталявалі часовыя святлафоры і дарожныя слупкі, якія падзяляюць сустрэчныя патокі транспарту. Рух ажыццяўляецца па адной паласе пачаргова ў кожным кірунку. Падчас працы святлафора аўтамабілі прапускаюць спачатку ў адзін бок, пасля — у другі. Праз гэта хуткасць руху заўважна знізілася.

Паводле дадзеных AutoGrodno, удзень 16 ліпеня праезд рамантуемага ўчастка займаў 15–20 хвілін у адзін бок. Зараз дарожнікі здымаюць старое асфальтавае пакрыццё, на аб’екце працуе вялікая колькасць тэхнікі.

Што зменіцца пасля рамонту

Як паведамілі ў РУП «Гроднааўтадор», дарогу цалкам абновяць. Плануецца:

  • замяніць асфальтавае пакрыццё;
  • павялічыць дапушчальную нагрузку на дарогу да 11,5 тоны;
  • пабудаваць новую велапешаходную дарожку з асвятленнем;
  • рэканструяваць два масты: адзін дэмантуюць і засыплюць бетонам, другі пераабсталююць у водапрапускную трубу.

Завяршыць работы плануецца да снежня. Пры гэтым у «Гроднааўтадоры» паведамілі, што ў гадзіны пік дарожныя работы праводзіцца не будуць, каб паменшыць заторы.

Як даехаць да Юбілейнага возера без корак

Як аб’ехаць затор:

Праз Альшанку (самы хуткі варыянт)

Менавіта гэты маршрут зараз раяць самі кіроўцы ў сацсетках.

Калі вы едзеце з цэнтра Гродна на Юбілейнае возера або ў Каробчыцы, замест вуліцы Суворава лепш рухацца праз Альшанку:

  • па вуліцы Маслакова;
  • далей выехаць на Вялікую аб’язную дарогу;
  • затым павярнуць на Міндэнскую вуліцу;
  • па Міндэнскай даехаць да Каробчыц.

Такі маршрут дазваляе цалкам аб’ехаць участок з рэверсіўным рухам і не стаяць каля часовага святлафора.

Праз Гарадзенскую вуліцу

Яшчэ адзін варыянт — аб’езд праз вуліцу Гарадзенскую. Маршрут праходзіць:

  • па вуліцы Гарадзенскай;
  • затым па дарозе ў бок Тарусічаў;
  • далей выезд да Каробчыц.
Праз рамонт дарогі да Юбілейнага возера ў Гродне ўтварыліся корак. Як аб’ехаць затор
Як аб’ехаць затор. Ілюстрацыя: Hrodna.life

Што кажуць гродзенцы

Навіна пра рамонт выклікала абмеркаванне ў сацсетках. Абмяркоўваюць рамонт дарогі гродзенцы і ў Threads.

«Дзякуй за інфармацыю, збіраўся паехаць на Юбілейку, а тут такое», — напісаў адзін з карыстальнікаў пад пастом пра коркі на дарозе.

Іншыя з іроніяй адзначылі, што час для рамонту выбралі не самы ўдалы.

«Ну так, своечасова… што сказаць) максімальна падабраны для рамонту часавы адрэзак. Улетку цёпла і добра працаваць дарожнікам», — напісаў нехта ў каментарыях.

«Асабліва дачнікі ў захапленні», — пажартаваў аўтар публікацыі ў адказ на каментарый.