Гродзенская пракуратура праверыла зоны адпачынку. Супрацоўнікі высвятлялі, як гарантуюць бяспеку людзей на возеры Юбілейным, Цэнтральным пляжы, а таксама ў лесапаркавых тэрыторыях з пляжамі Ласосна і Пышкі.
Супрацоўнікі пракуратуры ацанілі працы службаў, якія займаюцца бяспекай на вадаёмах. Таксама яны праверылі лавы, пераапранальні, пітныя фантаны, душавыя кабіны, санітарныя вузлы агульнага карыстання, а таксама ці створаны бяспечныя ўмовы для адпачываючых.
Брудныя пляжы і нелегальны продаж алкаголю
Падчас агляду месцаў пракуратура выявіла шэраг парушэнняў. Берагавая лінія пляжа і акваторыя не былі ачышчаныя ад воднай расліннасці, стан дзіцячых купальняў быў небяспечны, адсутнічаў доступ да санітарных вузлоў, акрамя гэтага ў пляжных зонах незаконна прадавалі алкаголь.
Калі адкрыўся купальны сезон у Гродне
Афіцыйна купальны сезон адкрылі 25 траўня 2023 года. Тэмпература вады ў Нёмане тады была 17−18 градусаў, на Юбілейным возеры — 19 градусаў.
Агулам у Гродзенскай вобласці вызначылі больш за 40 месцаў для купання. Іх асобна праверыла МНС.