Выстава «Страчаныя храмы Гродзенскай епархіі» адкрылася ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце 14 траўня. Яна расказвае пра праваслаўныя цэрквы, якія некалі былі ў Гродне і рэгіёне, але не захаваліся. Адкрываў яе мітрапаліт Веньямін. Краязнаўчы Telegram-канал Hrodna 11:27 звярнуў увагу, што прынамсі на адным са стэндаў змешчана недакладная інфармацыя.

Выстава пра праваслаўныя цэрквы ў ГрДУ: стэнд пра царкву на месцы драмтэатра, якой насамрэч ніколі не існавала
Стэнд з фэйкавай інфармацыяй пра гісторыю царквы. Фота: БелТА

Гэта стэнд, які расказвае гісторыю храма на месцы сённяшняга драмтэатра. Вядома, што з пачатку XVI ст. там знаходзіўся каталіцкі жаночы кляштар бернардынак. У 1854 годзе комплекс перадалі праваслаўнаму Барысаглебскаму мужчынскаму манастыру. Гэта было звязана з тым, што Каложская царква, дзе раней знаходзіўся манастыр, часткова абвалілася ў Нёман у выніку паводкі.

Аднак гісторыя храма на стэндзе пачынаецца так: «У Сярэднія вякі на месцы манастыра знаходзіўся невядомы праваслаўны храм». Што маецца на ўвазе і чаму пра гэты храм няма інфармацыі ў літаратуры па гісторыі Гродна?

Адкуль узялася «невядомая царква»?

Аўтары Hrodna 11:27 сцвярджаюць, што пра гіпатэтычную сярэднявечную царкву на месцы драмтэатра пісаў толькі адзін аўтар — Юрый Кішык у сваёй кнізе «Градостроительная культура Гродно» (2007). Ён лічыў, што на гэтым месцы ў XII-XIII стст. знаходзілася царква св.Іллі. Паводле аўтараў канала, гэта размяшчэнне не абгрунтавана нічым, акрамя фантазій аўтара.

У рэцэнзіі на кнігу гісторык Юрый Гардзееў піша, што «царква св. Іллі ўпамінаецца ў крыніцах толькі адзін раз у 1633 г.» Пра існаванне царквы ўжо ў Сярэднявеччы і размяшчэнне яе на пагорку на месцы сённяшняга драмтэатра ніякіх звестак няма, крыніцы пра такі храм наогул не ўзгадваюць.

Адзінае ўзгадванне царквы Іллі Прарока, паводле некаторых гісторыкаў, тычыцца храма не ў самім Гродне, а ў Гродзенскім благачынні: магчыма, у Котры або Скідзелі. Юрый Кішык наогул блытаецца ў пытаннях забудовы гэтага наднёманскага пагорка — пра гэта можна пачытаць ва ўжо згаданай рэцэнзіі.

Выставу быццам рыхтавалі прафесійныя гісторыкі

На выставе прадстаўлены фатаграфіі 10 храмаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі рэгіёна, і 4 — у абласным цэнтры. Побач са здымкамі размешчаны QR-коды, дзе сабрана поўная інфармацыя аб храмах. Экспазіцыю стварылі ў рамках дагавора аб супрацоўніцтве ўніверсітэта і Гродзенскай праваслаўнай епархіі.

Над экспазіцыяй працаваў студэнцкі навукова-даследчы гурток «Ніка» пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ Аляксандра Горнага. Аднак гэта не ўберагло ад пашырэння фэйкаў.

Не першая спроба перапісаць гісторыю на карысць праваслаўнай царквы

У 2019 годзе праваслаўныя актывісты, сярод іх Сяргей Сурба, размясцілі ля помніка ў гонар знішчанай Фары Вітаўта таблічку з інфармацыяй. Яна сцвярджала, што яшчэ да будаўніцтва першага каталіцкага касцёла на гэтым месцы ў XIV ст. стаяла праваслаўная царква Успення Найсвяцейшай Багародзіцы з пахавальняй рускіх князёў. Гісторык Генадзь Семянчук тады растлумачыў, што гэтая інфармацыя не даказаная ніякімі археалагічнымі і пісьмовымі крыніцамі, а проста паўтарае думкі прарасійскіх гісторыкаў XIX ст. «Улады павінны прыбіраць такую непраўдзівую інфармацыю ад помніка і караць людзей, якую яе там пакідаюць. Гэта ўводзіць у зман гараджан і турыстаў», — казаў тады гісторык.