Адкрытыя на працягу некалькіх дзён падвалы дома купца Мураўёва даюць магчымасць гродзенцам вывучыць падземны горад. Краязнаўца Ігар Лапеха пасля знаёмства са старымі падваламі выказаў здагадку, што дом купца Мураўёва стаіць на падмурку Сімяонаўскай царквы, якая была знішчана ў сярэдзіне 17 стагоддзя.

Вядома, што мураваная парафіяльная Сімяонаўская царква была пабудавана ў Гродне пасля атрымання горадам Магдэбургскага права ў канцы XV стагоддзя.

Дзе стаяла царква?

Да нядаўняга часу многія гісторыкі лічылі, што царква знаходзілася на месцы кляштара і касцёла езуітаў - сённяшняга Фарнага касцёла.

«Яшчэ з савецкага часу існуе прапагандысцкая думка, што Сімяонаўская царква стаяла на месцы езуіцкага калегіума. Маўляў, католікі забралі праваслаўную маёмасць. Але ў апошні час усё больш і больш фактаў, што царква стаяла на паўночным баку рынкавай плошчы. На плане 1753 года якраз на паўночным баку ёсць дзве квадратныя пабудовы, якія маюць каменны характар.

[irp posts="74 143″ name="Глядзіце, як выглядаюць старыя падвалы дома купца Мураўёва ў Гродне"]

Краязнаўца лічыць, што адна з гэтых пабудоў знаходзіцца на месцы дома купца Мураўёва.

«Калі мы спусціліся ў падвалы, то ўбачылі, што ў аснове гэтага будынка ёсць больш ранні падмурак і вонкавыя сценкі прыкладна 10 на 10 метраў, якія акурат пазначаны на схеме сярэдзіны 18 стагоддзя. Гэта ўсё дае магчымасць лічыць, што дом купца Мураўёва стаіць на рэштках Сімяонаўскай царквы 16 стагоддзя. Храмы ў той час вельмі часта будаваліся ў форме ратонды».

Ігар Лапеха: "Дом Мураўёва можа стаяць на падмурку Сімяонаўскай царквы"
Лічыцца, што дом купца Мураўёва быў пабудаваны ў канцы 19 стагоддзя ў стылі мадэрн. У розны час у будынку знаходзілася Гродзенскае аддзяленне Беластоцкага камерцыйнага банка і крама мануфактурных тавараў, пазней бібліятэка. Апошняя арганізацыя прабыла там да пачатку 1990-х гадоў. Пасля гэтага будынак доўгі час ніяк не выкарыстоўваецца, хоць і былі спробы вярнуць пабудове былую веліч.
Да нашых дзён пра Сімяонаўскую царкву дайшло вельмі мала інфармацыі. Вядома, што храм быў разбураны ў сярэдзіне 17 стагоддзя.

«Адназначна, пасля таго як царква перастала функцыянаваць, будынак неяк выкарыстоўваўся, тым больш там такія падвалы. Такое проста так не прападае».