Жыхарка Гродна Марына Занеўская запісала зварот да Аляксандра Лукашэнкі: яна сцвярджае, што трэці год не можа дамагчыся абароны ў канфлікце з былым мужам. Жанчына расказала пра спрэчкі праз дом, аліменты і мэблю. У гродзенкі — трое дзяцей. На відэа адрэагаваў звязаны з сілавікамі Telegram-канал «Жёлтые сливы» — аўтары абвінавацілі яе ў тым, што яна расказала не ўсю гісторыю.
Відэа, на якое звярнуў увагу Telegram-канал, цяпер выдаленае з TikTok. У акаўнце жанчыны засталіся іншыя звароты з падрабязнасцямі канфлікту. Яны былі запісаныя раней.
Судовых рашэнняў і матэрыялаў праверак у распараджэнні рэдакцыі няма, таму незалежна пацвердзіць выкладзеныя бакамі абставіны немагчыма.
У першым звароце паскардзілася на міліцыю, аліменты і падзел маёмасці
У відэа, якое цяпер выдаленае, Занеўская назвала тры праблемы, з якімі, паводле яе слоў, не змагла справіцца праз міліцыю і суды. Яна папрасіла Лукашэнку ўмяшацца і абараніць яе і дзяцей ад дзеянняў былога мужа, які знаходзіцца за мяжой.
Першая скарга тычылася доступу да ўчастка. Паводле жанчыны, нягледзячы на рашэнне суда аб падзеле тэрыторыі, якое набыло законную моц, былы муж працягваў заходзіць на яе частку — самастойна і з невядомымі людзьмі, суправаджаючы гэта нецэнзурнай лаянкай. Занеўская сцвярджае, што неаднаразова звярталася ў міліцыю, але супрацоўнікі не ўбачылі парушэнняў.
Заявы, паводле яе слоў, прымаў супрацоўнік, якога яна назвала маёрам Дзям’янавым. Ён жа, сцвярджае жанчына, разглядаў скаргу пасля яе звароту ў пракуратуру і заявіў: «Скаргай у пракуратуру вы нічога не даможацеся». У ліпені 2025 года Занеўская накіравала ва УУС заяву з запісамі на дыску і схемай падзелу тэрыторыі, але, паводле яе слоў, адказу на момант запісу відэа не атрымала.
Другая праблема — аліменты. Жанчына сцвярджае, што былы муж жыве і працуе ў Польшчы, аднак у Беларусі паведамляе пра невялікі даход ад самазанятасці. Паводле яе слоў, суд адмовіўся запытваць звесткі пра яго заробак у Польшчы і прызначыў на дваіх дзяцей восем базавых велічынь замест 18, на якія яна разлічвала.
Трэцяя скарга тычылася падзелу маёмасці. Сярод спрэчных рэчаў аказалася мэбля дачкі — ложак, камода і пісьмовы стол. Занеўская пярэчыла супраць яе падзелу, лічачы гэтыя рэчы дзіцячай маёмасцю.
Таксама, паводле жанчыны, суд абавязаў яе перадаць былому мужу кухонны гарнітур, якім яна карыстаецца і дзе гатуе для дзіцяці. Як сцвярджае Занеўская, адвакатка мужчыны патлумачыла яго жаданне забраць кухню тым, што ён хоча пакінуць яе «як памяць».

У іншых відэа расказала, як развівалася спрэчка
У акаўнце гродзенкі засталіся іншыя звароты з тымі ж прэтэнзіямі і дадатковымі падрабязнасцямі. Паводле яе слоў, муж падаў на развод у студзені 2024 года. У лютым яны заключылі шлюбны дагавор: дамовіліся падзяліць сумесна нажытую маёмасць напалову і прадаць машыну і дом. Па аліменты яна звярнулася ў маі.
Аднак потым, сцвярджае Занеўская, былы муж змяніў рашэнне і падаў іск аб падзеле дома. Разгляд справы завяршыўся ў красавіку 2025 года. Паводле жанчыны, па выніках падзелу ёй давялося выплаціць яму кампенсацыю ў памеры 33 882 рублёў. Ужо ў маі ён падаў новы іск — аб падзеле астатняй маёмасці.
У гэтых відэа Занеўская таксама ўдакладніла, што абскардзіла рашэнне наконт мэблі ў абласным судзе, але яе довады не прынялі: паводле яе слоў, спрэчную мэблю не прызналі рэчамі асабістага карыстання непаўналетняй дачкі. Акрамя перадачы кухоннага гарнітура, сцвярджае жанчына, яе абавязалі кампенсаваць судовыя выдаткі.
Што напісалі «Жёлтые сливы»
Telegram-канал «Жёлтые сливы» выклаў іншую версію канфлікту.
Паводле сцвярджэння аўтараў, дом падзялілі напалову, але праз планіроўку былы муж мог трапіць у сваю частку толькі праз памяшканні жанчыны. Калі ён прыйшоў з будаўнікамі, каб зрабіць асобны ўваход, узнік скандал.
Аўтары таксама патлумачылі рашэнне па аліментах тым, што суд зыходзіў з прадстаўленых звестак пра даходы. Яны заявілі, што запыты ў Польшчу могуць гадамі заставацца без адказу. Пры гэтым з публікацыі незразумела, ці накіроўвалі такі запыт менавіта па справе Занеўскай.
Прэтэнзіі жанчыны да падзелу мэблі канал прадставіў як спробу пакінуць маёмасць сабе, прыкрываючыся інтарэсамі дзіцяці. Таксама аўтары заявілі, што двое з траіх яе дзяцей ужо паўналетнія.
«Так, у Беларусі абвешчаны Год беларускай жанчыны. Але гэта зусім не значыць, што цяпер жанчына аўтаматычна мае рацыю ў любой сітуацыі. Так, Марына Уладзіміраўна — маці траіх дзяцей, двое з якіх ужо дарослыя. Але гэта не дае ёй дадатковых пераваг пры вырашэнні сямейных спрэчак», — напісана ў Telegram-канале.
Сама Занеўская ў іншых зваротах гаворыць пра прызначэнне аліментаў на дваіх непаўналетніх на момант суда ў 2024 годзе.



