Выставу “Трасцянец: гісторыя і памяць”, створаную ў Германіі сумеснымі намаганнямі нямецкіх і беларускіх даследчыкаў, адкрылі ў гродзенскай сінагозе ў аўторак 16 мая. На выставе прадстаўлены архіўныя дакументы, асабістыя гісторыі і ўспаміны вязняў аднаго з найбуйнейшых у Еўропе лагераў смерці, створанага нацыстамі на тэрыторыі Беларусі.

У адкрыцці прынялі ўдзел прадстаўнікі пасольства Германіі ў Беларусі, прадстаўнікі рэлігійных абшчын, студэнты. Арганізатары мерапрыемства ў Гродне выступілі:  «Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр ім. Й.Рау»,  Гімназія №1 ім. акадэміка Я.Ф. Карскага г. Гродна і Асацыяцыя іудзейска-хрысціянскага дыялогу «Шомэр-інтэрнэшнл».

Экспазіцыя складаецца з 12 модуляў, яна створана па ініцыятыве Дортмундскага і Мінскага міжнародных адукацыйных цэнтраў, фонду «Помнік забітым яўрэям Еўропы» пры фінансавай падтрымцы Федэральнага Міністэрства замежных спраў Германіі і фонду «Памяць, адказнасць і будучыня», а таксама пры непасрэдным удзеле Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай айчыннай вайны.

Адметна тое, што выставу можна не толькі паглядзець, але i паслухаць: тут прадстаўлены аўдыёзапісы успамінаў відавочцаў і вязняў лагера смерці Трасцянец.

“Выстава была дагэтуль толькі ў Мінску, так што Гродна стаў першым горадам з абласных цэнтраў дзе яе паказваюць. Праз біяграфічныя партрэты ахвяр мы хочам распавесці пра лагер смерці, але ніяк не праз жудасныя лічбы. Такі падыход дазваляе больш адчуць спецыфіку месцаў знішчэння” , – распавёў адзін са стваральнікаў экспазіцыі Аляксандр Далгоўскi.

Выставу можна будзе пабачыць да 10 чэрвеня.

Даведка

Лагер смерці Малы Трасцянец быў створаны нацыстамі ў ваколіцах акупаванага Мінска восенню 1941 года. Гэта назва аб’ядноўвала тры часткі інфраструктуры знішчэння: уласна лагер пад вёскай Малы Трасцянец, расстрэльны палігон ва ўрочышчы Благаўшчына і месца пахавання ва ўрочышчы Шашкоўка, абсталяванае крэматорыем. За два гады на палігонах Трасцянца было знішчана каля 206 000 чалавек – яўрэяў, цыган, палонных чырвонаармейцаў і партызан. Сюды звозілі людзей з усёй Усходняй Еўропы.