Уладальніка гродзенскай крамы «АвтоЗапчасти» Віктара Рукшу асудзілі на 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама ён павінен пагасіць нібыта нанесеную дзяржаве шкоду. Яго судзілі за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі (арт.424 ч. 3 КК) і ўхіленне ад выплаты падаткаў (арт. 243 ч. 2 КК у рэдакцыі да 26 траўня 2021 года), паведамляе медыя «Суполка».
Суд пачаўся ў траўні 2022 года і доўжыўся амаль год. Вёў справу суддзя Віталь Лабоцкі ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Прысуд не ўступіў у законную сілу. Прыкладна палову тэрміну Віктар ужо адбыў у СІЗА.
Віктару Рукше 60 гадоў. У 1992 годзе ён скончыў аддзяленне механізацыі Ленінградскага сельгасінстытута. Вярнуўся ў Гродна і гандляваў запчасткамі на рынку, а ў 1995-м адкрыў краму па сваім профілі. Бізнэсу — краме аўтазапчастак — на момант ліквідацыі было прыкладна 25 гадоў.
Віктара ўзялі пад варту 22 лютага 2022 года. Два апошнія дні нараджэння ён сустрэў у СІЗА.
Сутнасць справы
Пачалося ўсё з таго, што падчас пратэстаў 11 жніўня 2020 года сілавікі ўбеглі ў краму і затрымалі двух супрацоўнікаў. Там жа затрымалі і журналіста Hrodna.life Руслана Кулевіча. Віктар паскардзіўся на дзеянні сілавікоў. Неўзабаве завялі «эканамічную» крымінальную справу — але на Віктара.
Упраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю (УДФР КДК) правяло ператрус у краме, яе апячаталі. Падатковая падала іск аб ліквідацыі фірмы.
Па версіі УДФР, прыватная кампанія некалькі гадоў хавала сапраўдныя даходы і выплачвала заробкі ў канвертах. На АНТ гаварылі пра суму ў 525 тысяч рублёў нявыплачаных падаткаў і 12 тысяч ($ 4655) падаткаў з заробкаў у канвертах. Паводле версіі ўладальніка крамы, УДФР канфіскавалі не бухгалтарскую праграму, а аператыўна-складскую. Ёй карысталіся для ўліку тавараў па складзе. Hrodna.life раней распавядаў пра справу Рукшы падрабязна.
Спрабаваў абскардзіць
Віктар спрабаваў абскардзіць акты сілавікоў у эканамічным судзе Гродзенскай вобласці, але суд стаў на бок УДФР. У выніку фірму Віктара ліквідавалі, а крымінальная справа скончылася абвінаваўчым прысудам.
UPD 17 ліпеня. Верагодна, у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна пераглядаюць справу бізнесмена Віктара Рукшы. Суд па арт. 243 ч.2 КК «Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў (рэдакцыя страціла сілу 26.05.2021)» і арт. 424 ч. 3 КК «Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі» пачаўся 17 ліпеня ў судзе Кастрычніцкага раёна. Суддзя — Дзмітрый Кедаль. Раней справу разглядалі ў Гродзенскім абласным судзе.
Чытайце таксама:
- У Гродне праз суд ліквідуюць ТАА «Рукша». У яго краме падчас пратэстаў затрымалі Руслана Кулевіча
- Паскардзіўся на сілавікоў - атрымаў крымінальную справу. Уладальнік крамы аўтазапчастак у Гродне павінен у бюджэт $ 200 000 і паўгода судзіцца з УДФР
- Ліквідавалі фірму гродзенца, які паскардзіўся на сілавікоў. Ён чатыры разы абскарджаў рашэнні дзяржкантролю
- У Гродне пачалі судзіць бізнэсмэна Віктара Рукшу. Падчас пратэстаў ён паскардзіўся на сілавікоў і атрымаў крымінальную справу