На вуліцы Таўлая, 28Е плануюць пабудаваць двухсекцыйны 10-павярховік на 120 кватэр. Грамадскія абмеркаванні адбудуцца з 10 па 24 траўня 2023 года. Адпаведную інфармацыю і план будынка апублікавалі на сайце Гродзенскага гарвыканкама.

Які будзе будынак і што для яго знясуць
Шматкватэрны дом запраектавалі ў маналітным каркасе з запаўненнем сцен штучнымі матэрыяламі. На ўчастку, дзе плануюць яго будаваць, хочуць знесці нежылы будынак былой ветэрынарнай лякарні.
Таксама ў будынку прадугледзяць аўтамабільную паркоўку на 8 і 20 машына-месцаў, а таксама гараж-стаянку на 92 машына-месца. Тэрыторыю вакол будынка плануюць азеляніць не менш чым на 27%. Акрамя гэтага на дваровых тэрыторыях арганізуюць праезды, тратуары і пляцоўкі разнастайнага функцыянальнага прызначэння.
Паводле Генеральнага плана развіцця Гродна ўчастак на вуліцы Таўлая, 26 і 28 хочуць забудаваць шматкватэрнымі дамамі. Прыватны сектар, які размяшчаецца побач, плануюць знесці.
Калі адбудзецца прэзентацыя
Убачыць праект будынка можна ў вестыбюлі будынка ўпраўлення архітэктуры, будаўніцтва і горадабудаўніцтва з 10 па 25 траўня 2024 года, з 8:00 па 13:00 і з 14:00 да 17:00 з панядзелка па пятніцу. 18 траўня 2023 года ў кабінеце №1 на першым паверсе будынка ўпраўлення архітэктуры, будаўніцтва і горадабудаўніцтва адбудзецца прэзентацыя праекта. Пачатак у 15:00.

Куды накіроўваць заўвагі і прапановы
Заўвагі альбо прапановы можна накіраваць з 10 па 24 траўня 2023 года ў пісьмовай ці электроннай форме з пазнакай “грамадскія абмеркаванні”:
- Гродзенскі гарвыканкам, плошча Леніна, 2/1, 230023 г. Гродна. Электронная пошта: [email protected].
- Упраўленне архітэктуры, будаўніцтва і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, плошча Тызенгаўза, 3, 230023, г. Гродна. Электронная пошта: [email protected]
- У пісьмовым выглядзе ў журнале ўліку наведвальнікаў экспазіцыі аб’екта грамадскага абмеркавання.
Хто будзе будаваць новы дом
Будаваць шматпавярховік будзе мінская кампанія “АйранІнвестПраект”. Яна выкупіла ўчастак на аўкцыёне ў кастрычніку 2022 года. У Гродне гэтая кампанія стварае праект жылы комплекс каля ўніверсама “Кастрычніцкі” на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў.




