У мікрараёне “Грандзічы-1” плануюць пабудаваць гандлёвы цэнтр. Грамадскія абмеркаванні адбудуцца з 10 па 24 траўня 2023 года. Адпаведную інфармацыю апублікавалі на сайце Гродзенскага гарвыканкама. 

грандзічы, гандлёвы цэнтр
Праект гандлёвага цэнтра ў Грандзічах. Крыніца: grodno.gov.by

Цэнтр пабудуе зарэгістраваная ў 2022 годзе ў Гродне фірма “ТЦ 1695”. У цэнтры, акрамя гандлёвых плошчаў, будзе кафэ, пляцоўкі для адпачынку і іншыя памяшканні для функцыявання будынка. 

Будынак будзе аднапавярховы, памерам 36 х 82 м. Каркас зробяць з жалезабетонных калон з металічнымі фермамі пакрыцця, сцены – з сэндвіч-панэлей. 

Што будзе акрамя гандлёвага цэнтра

На тэрыторыі вакол гандлёвага цэнтра плануюць зрабіць разваротную пляцоўку з зонай разгрузкі, пляцоўку для смеццевых кантэйнераў, навес для прэсоўкі і захавання макулатуры, паркоўкі на 39 і 33 машына-месцаў, а таксама паркоўку для веласіпедаў на 8 месцаў.

Пад’езды да тэрыторыі цэнтра будуць раздзельнымі для пакупнікоў і дастаўкі тавараў. Вакол будынка арганізуюць газоны і высадзяць дэкаратыўную расліннасць. 

Куды накіроўваць заўвагі і прапановы

Заўвагі альбо прапановы можна накіраваць з 10 па 24 траўня 2023 года ў пісьмовай ці электроннай форме з пазнакай “грамадскія абмеркаванні”:

  • Гродзенскі гарвыканкам, плошча Леніна, 2/1, 230023 г. Гродна. Электронная пошта: [email protected].
  • Упраўленне архітэктуры, будаўніцтва і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, плошча Тызенгаўза, 3, 230023, г. Гродна. Электронная пошта: [email protected]
  • У пісьмовым выглядзе ў журнале ўліку наведвальнікаў экспазіцыі аб’екта грамадскага абмеркавання.