Па падвалах гродзенскага піўзавода цяпер можна паблукаць, не выходзячы з дому. Віртуальны тур па памяшканнях старога будынка стварыла гродзенская фатографка і дызайнерка Ірына Варкулевіч для Browar Hrodna — праекта новых уласнікаў піўзавода.
Віртуальны тур па піўзаводзе складаецца з 13 панарам на 360°. Яны паказваюць, як бровар выглядаў да рэканструкцыі. Агульная плошча сутарэнняў значна пераўзыходзіла плошчу памяшканняў першага паверха палаца Агінскіх.
Комплекс піўзавода ўзвялі ў XVII ст. Першапачаткова гэта быў палац Сапегаў, пасля ён перайшоў да Агінскіх. Прадпрыемства там з’явілася ў 1860-х, а скончыла сваю дзейнасць — у 2007 г. Будынак перажыў перапродаж і пажар.
У 2020 бровар купіла польска-беларуская кампанія ААТ «МБА Інвестмент» за 1,3 млн рублёў. Новыя гаспадары плануюць уладкаваць там міні-бровар для вырабу крафтавага піва, музей, гасцініцу і рэстаран. Частку памяшканняў здадуць пад офісы і крамы.
Пры рэканструкцыі вырашылі захаваць два гістарычныя будынкі, аб’яднаўшы ў адзін Г-падобны. У ім адновяць чыгунную адліваную лесвіцу. Астатнія памяшканні - з савецкага часу — знясуць і пабудуюць нанова. Сучасны квартал арганізуюць па прынцыпе террасной забудовы. Агульная плошча будынкаў будзе 10 000 кв. м.
Старадаўнія рэчы, знойдзеныя на тэрыторыі завода падчас рэканструкцыі, захоўваюць. Іх абяцаюць выставіць у абноўленым комплексе.
Таксама плануюць прыбраць плот і пашырыць набярэжную. Страчаную забудову вул. Падзамча аднаўляць не будуць.
Рэканструкцыю плануюць завяршыць у жніўні 2023.