У 2023 годзе дабудуюць і ўвядуць у карыстанне паліклініку ў Альшанцы на 650 наведванняў на змену. Тры амбулаторыі, якія яе да гэтага замянялі, стануць не патрэбныя. Для іх ужо знайшлі новае прымяненне. Мечыслаў Гой распавёў пра яго і падзяліўся, як справы школы ў Грандзічах, адкрыццё якой ужо не раз пераносілі.

Адну з амбулаторый перададуць пад уладкаванне разліковага цэнтра, расказаў старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой для «Беларусь сегодня». Пасля гэтага 30 тысячам жыхароў Альшанкі не трэба будзе ездзіць у цэнтр горада для развязання жыллёва-камунальных пытанняў.

Будынак другой амбулаторыі вырашыў купіць гродзенскі мясакамбінат. Там хочуць адкрыць фірмовую краму. Атрыманыя ад продажу грошы накіруюць на абсталяванне амбулаторыі па вуліцы Лідскай, дзе будуць абслугоўвацца больш за 4 тысячы чалавек.

У трэцяй амбулаторыі адкрыюць дзіцячае аддзяленне.

Будоўлю паліклінікі ў Альшанцы пачалі ў лютым 2020. Па планах на яе было адведзена 38 месяцаў. Агульны кошт паліклінікі ацэньвалі ў 28 млн рублёў, на падрадныя работы было адведзена 20,7 млн. Паліклініку абяцалі здаць у 2022 годзе. Яе не паспелі дабудаваць і перанеслі тэрміны на 2023.

У паліклініцы будзе тры карпусы. Раней там збіраліся размесціць дзіцячае і дарослае аддзяленні, жаночую кансультацыю, аддзяленне рэабілітацыі, дзённы стацыянар і пункт хуткай дапамогі.

Якія яшчэ ў горада планы наконт Альшанкі

Раней казалі, што на 2024 год плануюць пачаць будаўніцтва новага жылога мікрараёна «Паўднёвы-1» побач з Альшанкай. Яго пачнуць узводзіць у раёне былой птушкафабрыкі. Згодна з генеральным планам Гродна да 2030 года новы жылы мікрараён павінны пабудаваць паміж скрыжаваннем вуліц вялікая Альшанка-Айчынная і прыватным сектарам у раёне Фабрычнага.

Дарогу, якая злучае кальцо каля паўднёвага рынку і Альшанку, плануюць пашырыць да чатырох палос і састыкаваць з інфраструктурай Альшанкі.

Электрадамы і школа ў Грандзічах

Будаўніцтва мікрараёна Грандзічы працягнуць па-новаму: дамы ў новых кварталах будуць толькі на электрычным ацяпленні. Для гэтага трэба падцягнуць кабельныя лініі, уладкаваць трансфарматарныя падстанцыі і іншую інфраструктуру для падачы электраэнергіі. Першапачаткова такія электрадамы — гэта вялікія выдаткі, але гэта з часам яны акупяцца, упэўнены Мечыслаў Гой.

У школе на 1020 вучняў у змену, якую там зараз будуюць, ідзе добраўпарадкаванне тэрыторыі, працуюць над унутраным аздабленнем. Праз месяц плануюць пачаць закупку абсталявання, ужо падабраны кіраўнік. Адкрыццё школы пераносілі ўжо два разы.

Паралельна будуецца адзін з самых буйных дзіцячых садоў у Гродзенскай вобласці - на амаль 400 дзяцей. Увод яго ў эксплуатацыю запланаваны на 2024 год.

Новы мікрараён Грандзічы разлічаны на 65 тысяч жыхароў. Зараз там ужо жыве каля 20 тысяч чалавек.