Некалькі памяшканняў адміністрацыйнага будынка УУС Гродзенскага аблвыканкама па вул. Чырвонаармейская, 11 адрамантуюць. Рамонт будзе доўжыцца з 10 траўня па 23 чэрвеня 2023 года. Будынак — былыя царскія казармы канца XIX стагоддзя, але ён не ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Упраўленне ўнутраных спраў Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта праводзіць запыт цэнавых прапаноў. Арыенціровачны кошт — 98 000 рублёў з бюджэту.
Згодна з дэфектным актам, у памяшканнях актавай залы, кабінета № 40 і кросавага вузла пашкодзіліся шпалеры, разбурыўся пласт фарбы на сценах. Месцамі адпластавалася тынкоўка сцен, разбурылася пакрыццё падлогі.
Пералік работ займае шэсць старонак. У актавай зале адрамантуюць падвесную столь. Сцены разбяруць да тынкоўкі і затынкуюць нанова. Заменяць дзверы і вокны. Колер дзвярэй будзе шакаладна-карычневым. Усталююць вентылятар. Перабяруць падлогі.
У памяшканні № 40 правядуць рамонт сцен і падлог, у кросавым вузле — тое ж і электрамантажныя працы.
Асаблівасць рамонту: у працы будуць выкарыстоўваць медны віты рэтрапровад на дэкаратыўных керамічных ізалятарах, а таксама рэтра-выключальнікі. Магчыма, гэта звязана з гістарычным характарам будынка. Раней там усталявалі плот з калючым дротам.