Бягучы рамонт агароджы вайсковай часткі 5522 па вул. Чырвонаармейская, 11 запланаваны з 4 красавіка па 3 траўня. На гэта выдаткуюць 44 000 рублёў з рэспубліканскага бюджэту.

Упраўленне ўнутраных спраў Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта да 21 сакавіка праводзіла запыт цэнавых прапаноў.

Што знаходзіцца на Чырвонаармейскай, 11?

У будынках, якія належаць абласной міліцыі, знаходзяцца казармы ўнутраных войскаў, грунтуецца мясцовае падраздзяленне АМАП, працуе рэдакцыя газеты «Милицейский вестник».

Перад выбарамі 2020 года на тэрыторыі часткі салдаты тэрміновай службы трэніраваліся разганяць мітынгі.

Міліцыя Гродна выдаткуе 44 000 рублёў на новы плот з калючым дротам
Чырвонаармейская, 11 у Гродне. Фота: Яндекс.Карты

Навошта міліцыі новы плот?

Абследаванне існуючай агароджы выявіла, што ў жалезабетонных плітах ёсць расколіны і выбаіны. Слупы змянілі сваё першапачатковае становішча, што можа прывесці да падзення пліт. Каб прадухіліць гэта, трэба правесці бягучы рамонт. Будынак пры рамонце працягнуць эксплуатаваць. Гэта зафіксавалі ў дэфектным акце.

У планах:

  • абліцоўванне бетоннай агароджы прафіляваным лістом на 200 кв. м.,
  • дэмантаж агароджаў вышынёй 1,5 м з жалезабетонных панэляў,
  • устаноўка агароджаў з профнасціла вышынёй 2 м,
  • дэмантаж і новы мантаж металічнай агароджы «Егоза» [калючы дрот з вострым, як брытва, лязом — Hrodna.life],
    аднаўленне газона.

Матэрыялы, якія будуць прымяняцца ў рамонце, павінны быць пацверджаны сертыфікатамі адпаведнасці, дэкларацыямі аб адпаведнасці на матэрыялы, якія падлягаюць абавязковай сертыфікацыі, дазволенымі да ўжывання Міністэрствам аховы здароўя.