Больш за тысячу фураў стаіць у чарзе перад памежным пунктам пропуску “Казловічы” ў бок Польшчы. Аўтобусы на польскай мяжы чакаюць больш за 10 гадзін. У легкавых аўтамабіляў пры самым хуткім спосабе трапіць у Польшу – праз Літву – чарга адымае не менш за пяць гадзін. 

Пасажыры мяняюць аўтобусы проста ў чарзе, каб не чакаць 10 гадзін. Што зараз адбываецца на мяжы з ЕС
Памежны пункт пропуска “Катлоўка”. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: gpk.gov.by

Самы загружаны пункт пропуску на беларуска-літоўскай мяжы – “Мядзінінкай” (“Каменны Лог”). Там паводле дзяржпагранкамітэта за апошнія суткі літоўцы прапусцілі 13% фур ад нормы. Таксама затрымкі руху грузавікоў адбываюцца на памежных пунктах пропуску “Лаворышкес” (“Катлоўка”), “Шальчынінкай” (“Беняконі”) і “Райгардас” (“Прывалка”).

Затрымкі ў афармленні легкавога транспарту ёсць у пунктах пропуска “Мядзінінкай” (“Каменны Лог”) і “Цярэспаль” (“Брэст”). 

Колькі гадзін чакаюць аўтобусы

Аўтобусы на памежным пераходзе “Варшаўскі мост” (каля Брэста) чакаюць у чарзе па 15-20 гадзін. Некаторыя пасажыры выходзяць са сваіх аўтобусаў, ідуць уздоўж чаргі і шукаюць вольнае месца ў аўтобусах, якія стаяць бліжэй да мяжы. 

“Вельмі кепска працуюць”

Час праходжання мяжы беларусы абмяркоўваюць у Telegram-чаце “ГраницаBYPL”. Хтосьці праходзіць мяжу за пяць гадзін, хтосьці чакае больш.

“У 11 з капейкамі былі на Катлоўцы (выезд з РБ), у 14 з капейкамі прайшлі беларускую. Стаім перад літоўцамі на нейтралцы”, – напісаў у 16:19 29 сакавіка карыстальнік пад нікам Aiste у Telegram-чаце “ГраницаBYPL”.

На памежным пункце пропуску “Відзы” ўдзельніца чата Ірына апісала сітуацыю так: “Пад’ехалі да мяжы 12:00. Перад шлагбаумам было 2 машыны. 17:00 заехалі ў Літву”.

“Каменны лог падвіжкі раз на дзве гадзіны на машын 5. Вельмі кепска працуюць”, – напісала карыстальніца Вольга ў 16:08.

Колькі машын праязджае за гадзіну

Станам на 16:12 на пункце пропуска (ПП) “Прывалка” у чарзе 65 легкавых аўтамабіляў. У зоне чакання на ПП “Брэст” 78 і яшчэ каля 240 (да і пасля зоны чакання), а за гадзіну праехала 10 машын.

У “Беняконях” у зоне чакання стаіць 95 аўтамабіляў, за гадзіну праехала сем. “Каменны лог”  – 38 машын у зоне чакання, а за гадзіну праехала 10. “Катлоўка” – 38 аўто ў зоне чакання, за гадзіну праехала 10, “Лоша” – у чарзе каля 45 аўтамабіляў.

Чаму на межах такія чэргі

10 лютага Польшча закрыла памежны пункт пропуска “Баброўнікі”. Гэта звязваюць з прысудам журналісту Анджэю Пачобуту. Пункт пропуска “Кузніца” не працуе з лістапада 2021 года. Паміж Беларуссю і Польшчай зараз працуе толькі памежны пераход “Брэст-Цярэспаль” для легкавога транспарту і “Казловічы-Кукурыкі” для грузавога.