У выхадныя хочацца паленавацца нават галубцам. Таму і гатаваць будзем не звычайныя, а лянівыя галубцы. Тым больш, што ў крамах ужо з’явілася свежая капуста, каторая гатуецца хутчэй, чым тая, што нарыхтоўвалася на зіму. Цёця Іра паабяцала, што ўся праца ўкладзецца ў 5 крокаў - то рушым.
Неабходныя прадукты
- Капуста — маленькі качан
- Фарш курыны — 500 г
- Рыс — 150 г
- Цыбуля — 1 шт
- Морква — 1 шт
- Салера — ¼ невялікага кораня
- 300 г — таматаў ва ўласным соку
- 200 г натуральнага ёгурта
- Алей — 3−4 сталовыя лыжкі
- Меленая каляндра (ці іншая прыправа) — 1 чайная лыжка
- Соль і перац — на смак

Як гатаваць лянівыя галубцы
Крок 1. Найперш гатуем рыс. Крупы прамываем. Вады для варкі бяром удвая больш, чым рысу. Заліваем крупы халоднай вадой. Даводзім да кіпення і варым 5 — 7 хвілін. Выключаем агонь і пакідаем рыс у рондалі пад накрыўкай яшчэ на 15 хвілін.

Крок 2. Пакуль варыцца рыс, падрыхтуем гародніну. Цыбулю дробна крышым. Моркву таркуем на буйной тарцы. Капусту дробна крышым ці таркуем.

Крок 3. На патэльню дадаем дзве лыжкі алею. Прыпускаем цыбулю да празрыстасці.

Дадаем моркву і тушым 3 — 5 хвілін. Дадаем капусту, перамешваем і тушым пад накрыўкай да мяккасці капусты. Гэта зойме 5 — 7 хвілін. Дадаем соль і перац.

Крок 4. У вялікай місцы змешваем ахалоджаны рыс, фарш, гародніну і каляндру. Фарміруем галубцы.

Яны могуць быць у форме шарыкаў ці катлетак. Форму для запякання змазваем алеем і выкладаем сюды лянівыя галубцы ў адзін слой.

Крок 5. Гатуем соус. Для гэтага размінаем таматы відэльцам ці блэндарам. Змешваем іх з ёгуртам і перамешваем соус.

Атрыманай сумессю заліваем галубцы. Запякаем у духоўцы пры тэмпературы 180 градусаў цягам 40 — 50 мінут.


Пры падачы можна пасыпаць свежай зелянінай.


Смачна есці!
Чытайце таксама: