10 сакавіка на працы быў затрыманы Валерый Юдзін. Прычына затрымання невядомая, паведамляе Telegram-канал “Суды, задержания. Гродно и область”. 

У 2021 годзе ён заплаціў штраф у 15 базавых велічынь (тады — 435 рублёў) за БЧБ-сцяжок і налепку з «Пагоняй». Іх размяшчэнне ў машыне палічылі “адзіночным пікетаваннем”. Суткі да суда мужчына правёў у ізалятары.

Валерый Юдзін – фатограф-фрылансер, адзін са стваральнікаў часопіса “Твой город Гродно”. Да гэтага працаваў у прэс-службе УУС і пенітэнцыярнай сістэме. Захоўваў БЧБ-сцяг, які да 1995 года сцяг вісеў на будынку аблвыканкама.

Міліцыя “актывізавалася”

Пасля тэракту ў Мачулішчах міліцыя актывізавала працу “ў дачыненні да грамадзян, якія маюць дачыненне да дзейнасці экстрэмісцкіх фарміраванняў і тэрарыстычных арганізацый”. За 9 сакавіка ГУБАЗіК “адпрацаваў” больш за 60 асоб. 21 з іх прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці і пяць — да крымінальнай.

ГУБАЗіК шукае “схаваныя ячэйкі экстрэмістаў і іх памагатых”. Асаблівую ўвагу звернуць на план “Перамога”. “Кропкава спыняецца дзейнасць актывістаў і ўнутры краіны, якія распальваюць варожасць у інтэрнэце”, паведамілі сілавікі.

У Гродне 10 сакавіка затрымалі Паўла Якубеля. Ёсць непацверджаныя звесткі пра іншыя затрыманні.