Помнік Айбаліту ў Вільні і беларускі пераклад казкі ад Андрэя Скурко
Добры доктар Будзь-Здароў лечыць зайцаў і кароў у дупле яго бальніца для вароны і лісіцы і жучка і павучка і мядзведзіцы. Зверанятак і звяроў лечыць доктар Будзь-Здароў!
Пераклад на беларускую мову казкі Карнея Чукоўскага «Доктор Айболит» зрабіў Андрэй Скурко, журналіст, а зараз — адзін з беларускіх палітзняволеных. Гісторыя пра добрага доктара, безумоўна, спадабаецца дзецям. А для дарослых не менш цікавай будзе гісторыя самой казка. Часам яна падобная да дэтэктыва з падарожжамі ў часе і прасторы ды зменаю абліччаў і імёнаў.
У Вільні сцвярджаюць, што прататып добрага доктара жыў менавіта тут, і нават усталявалі яму помнік. Рэальнага лекара звалі Цэмах Шабад. Ён нарадзіўся ў Вільні, вучыўся ў Маскве, змагаўся з халерай і тыфам падчас эпідэмій. Доктару давялося правесці некалькі гадоў у эміграцыі і паслужыць ваенным лекарам на франтах Першай сусветнай. Пасля вайны ён увесь час жыў і працаваў у Вільні.
Кажуць, што доктар нікому не адмаўляў у дапамозе, а бедных лячыў бясплатна. Скульптурная кампазіцыя помніка ілюструе такую сітуацыю: Аднойчы дзеці прынеслі да доктара котку, якая ледзь не заглынула рыбалоўны кручок — пракалола язык і нема крычала ад болю. Лекар прыняў лахматую пацыэнтку і выдаліў кручок з языка. Уратаваная котка засталася жывою і ўцякла па сваіх справах у віленскія падваротні.
З Карнеем Чукоўскім Цэмах Шабад пазнаёміўся ў 1912 годзе. Кажуць, што пасля гэтага Чукоўскі зрабіў накіды ў нататніку, якія пасля сталі казкай.
На гэтым у віленскай гісторыі можна паставіць кропку, але гісторыя доктара мае яшчэ больш глыбокія карані. Справа ў тым, што у доктара Айбаліта быў літаратурны папярэднік.
Першым гісторыю пра добрага доктара выдаў у 1920 годзе англійскі пісьменнік Х’ю Лофтынг. Нататкі і малюнкі ён рабіў у акопах Першай сусветнай і адпраўляў іх у лістах дадому. Галоўнага героя аповесці звалі доктар Дулітл. Імя лекара па-англійску адсылала да «маленькіх справаў», якіх не цураўся доктар. А яшчэ ён мог разумець мовы звяроў і птушак.
Гісторыкі кажуць, што прататыпам доктара Дулітла быў шатландскі хірург XVIII стагоддзя Джон Хантэр.
Карней Чукоўскі зрабіў пераказ-пераклад аповесці Х’ю Лофтынга ў 1923 годзе. Вершаваны варыянт казкі пра Айбаліта з’явілася ў 1929 годзе.
Гісторыя папулярнай казкі мае ўжо больш за сто гадоў, і прыгоды добрага лекара ніяк не сканчаюцца. У 2022 годзе, дзякуючы Андрэю Скурко, ён зноў змяніў імя, загаварыў па-беларуску і значна пашырыў свае магчымасці лячыць розныя хваробы.
Зараз яго выклікаюць, калі ў зверанятак ангіна, і адзёр, і шкарлятына, малярыя, грып, кавід, дыфтэрыя і бранхіт.
І, канечне, добры доктар дапаміожа ўсім. А яшчэ — паставіць градуснік, дасць шакаладку і пакажа мульцік — кожнай і кожнаму.
Чытайце таксама:
Шматгадзінныя чэргі, перфаратар і два акенца на рэгістрацыю. Дзяўчына схадзіла ў Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай…
Прадпрыемства "Гродна Азот" 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога…
Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы…
Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай…
"Малочны Мір" абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага…
На Гагарына, 25 у Гродне прадаецца двухпакаёвая кватэра з выдатна захаваным постсавецкім інтэр'ерам. Дом, у…