У адказ на закрыццё памежнага пункта пропуску «Бераставіца» «актывісты» 13 лютага зладзілі пікет каля генконсульства Польшчы ў Гродне. «Каля будынка Генеральнага консульства Польшчы ў Гродне сабраліся гараджане: прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь і людзі старэйшага ўзросту», — напісала «Гродзенская праўда». Выданне «Наша Ніва» вывучыла фота і відэа і прыйшла да высновы, што выпадковых людзей на акцыі не было.

Адной з завадатарак пікета была 53-гадовая Святлана Вараніца, намесніца кіраўніка «Белай Русі» па Гродзенскай вобласці, чалец бюро гаркама КПБ і актыўная ўдзельніца таварыства «Веды» Вадзіма Гігіна. Была ў штабе «Белай Русі» па высоўванні Лукашэнкі на выбарах у 2020 годзе. Летась пахвалілася сваімі брошкамі з літарамі Z і V. Святлана «вельмі негатыўна ставіцца да закрыцця межаў польскім бокам», піша «Гродзенская праўда».

Вараніца пачынала кар’еру ў Ваўкавыску, дзе і нарадзілася. Пасля сканчэння гродзенскага медыцынскага каледжа ў 1988-м Святлана працавала медсястрой у аддзяленні рэанімацыі гродзенскай лякарні.
Кар’еру прафесійнага ідэолага пачала ў 1998 годзе, калі ўпершыню ўвайшла ў гаркам БПСМ (патрыятычны саюз моладзі, пасля перайменаваны ў рэспубліканскі). З 2000 года перайшла ў гарвыканкам на пасаду галоўнага спецыяліста. Cкончыла завочна Гродзенскі аграрны ўніверсітэт па спецыяльнасці «заатэхнік», пасля — юрфак БДУ. Згодна з інфармацыяй «Чорнай мапы Беларусі», у верасні 2020 года яна скардзілася, што ў Гродне распаўсюдзілі ўлёткі з яе партрэтам.
Яшчэ адным завадатарам пікета быў кіраўнік гродзенскага абласнога камітэта БРСМ Андрэй Есін. Яму 35 гадоў, жанаты, жыве ў Гродне. На пікеце ён выступаў ад імя моладзі: «Мы — моладзь — супраць таго, каб зачыняліся мяжы і прыгняталіся нашы правы і правы грамадзян Польшчы».

Супраць «дыверсій і правакацый» пратэставаў першы сакратар гарадской арганізацыі БРСМ у Гродне Арцём Макарэвіч.

Слова на відэа далі яшчэ некалькім людзям. Усе яны аказаліся не простымі «заклапочанымі грамадзянамі». Каментар ўзялі ў 75-гадовага Івана Тустава, старшыні гродзенскага абласнога савета ветэранаў, якога ў адным з відэа называюць «раўналеткам перамогі» (хто каго перамог напрыканцы 1947-га, не ўдакладняецца).

Таксама далі слова Наталлі Сардэчнай. Яна — намесніца дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Гродзенскага каледжа бытавога абслугоўвання.

Яшчэ адзін каментатар — 53-гадовы Ігар Чарнякоў, старшыня Гарадзенскай абласной асацыяцыі прадпрымальнікаў.

Сярод удзельнікаў пікетуі 21-гадовы Вадзім Гунько, кіраўнік моладзевага парламента Гродзенскай вобласці і актывіст БРСМ у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце.

Цяпер пяройдзем да тых, хто моўчкі стаяў са сцягамі ці іншай сімволікай. Возьмем, да прыкладу, гэтае фота, дзе добра бачныя твары. Ці ёсць тут «звычайныя грамадзяне»?

Першы з левага боку — адзін з кіраўнікоў гарадской арганізацыі БРСМ, 34-гадовы выпускнік Гродзенскага ўніверстэта Пётр Касіцкі.

Пасля яго — 23-гадовы кіраўнік Зэльвенскага БРСМ Віталь Зельманчук. Таксама ён быў удзельнікам Усебеларускага народнага сходу ад Зэльвеншчыны.

Дзяўчына з плакатам «Не закрыццю межаў» — функцыянерка гродзенскага БРСМ 28-гадовая Яна Мазавецкая.

Наступны хлопец на фота — Уладзіслаў Мандзік, чарговы сакратар БРСМ з Гродна.

Бландынка на фота — сакратарка БРСМ з Гродна Наталля Станюкевіч.

Ля самага плота на адным з кадраў стаіць Надзея Крэйза, функцыянерка гродзенскага БРСМ.

А тут — Таццяна Серак, яшчэ адна сакратарка БРСМ.

На наступным кадры пажылы мужчына — гэта гродзенскі актывіст камуністычнай партыі, 76-гадовы Уладзімір Хадыкін.

Пра яго пісалі ў артыкуле пра ўмацаванне сувязяў паміж расійскім КПРФ і беларускім КПБ.

А вось гэтая дзяўчына ззаду натоўпу — функцыянерка БРСМ Алена Прыпіснова.

Як і вышэйзгаданая Наталля Сардэчная, яна з каледжа бытавога абслугоўвання.

На фота і відэа знайшліся яшчэ шэраг актывістаў БРСМ, «Белай Русі» і Камуністычнай партыі Беларусі, піша выданне. Адшукаць «шараговых беларусаў» сярод тых, хто трапіў у кадр, на гэтым мерапрыемстве не атрымалася.
Чытайце таксама:
- Коммунисты, НОДовцы и Белая Русь митинговали возле Генконсульств Польши и Литвы в Гродно. Власти разрешили
- Депутат из Гродно: «Россия не нападает на Украину через Беларусь». Что сказала Лилия Кирьяк во время телефонной прямой линии
- Активистка Ольга Бондарева хочет попасть в общественно-консультативный совет по вопросам образования