У Гродне 34-гадовы мужчына скокнуў са Старога моста ў Нёман. Гэта адбылося 12 лютага ў 15:25. Мужчыну выцягнулі з вады ратавальнікі ў раёне Старога замка, паведамілі ў Гродзенскім абласным упраўленні МНС.

Мужчына скокнуў са Старога моста ў Гродне. Што пра гэта вядома?
Стары мост у Гродне. Ілюстрацыйнае фота: Hrodna.life

Пасля скоку ў раку мужчыну несла ўніз па плыні. Яго выцягнулі на сушу ў 115 метрах ад мосту.

На беразе мужчыну аглядзелі медыкі і шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы хуткай медычнай дапамогі. Яму паставілі дыягназ «агульнае пераахалоджванне». Зараз мужчына ў здавальняючым стане. Прычыны, па якіх мужчына скокнуў з моста, высвятляюць.

Не першы падобны выпадак

У лютым 2017 года 75-гадовы пенсіянер скокнуў у Нёман з Румлёўскага моста. Праз 22 хвіліны пасля сігналу ратавальнікі выявілі ўжо мёртвага чалавека каля чыгуначнага моста.

У лістападзе 2017 года кіроўца гарадскога аўтобуса спыніў аўтобус на Старым мосце, выйшаў з кабіны і скокнуў у Нёман. Мужчыну выратавалі і шпіталізавалі ў цяжкім стане.

У жніўні 2020 года дзяўчына пералезла праз парэнчы Старога моста і вісела над вадой. На месца прыехалі супрацоўнікі МНС і хуткай дапамогі. На Нёмане дзяжурыў ратавальны кацер. Скокнуць дзяўчына не паспела, яе забрала хуткая дапамога.