Суды Гродзенскай вобласці не вынеслі ніводнага апраўдальнага прысуду ў 2022 годзе. За год у суды паступіла 58 885 спраў. Дырэктар «Гродна Плюс» Сяргей Мазайла апраўдаўся за папярэджанне, якое «Радыё MFM» вынес Мінінфарм. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 30 студзеня па 5 лютага.
Мінінфарм вынес пісьмовае папярэджанне рэдакцыі радыёпраграмы «Радио MFM» з Гродна 27 студзеня. Прычынай стала парушэнне патрабаванняў арт. 19 Закона «Аб СМІ» па забеспячэнні архівавання матэрыялаў радыёпраграмы.
Аказалася, першапачаткова хтосьці паскардзіўся на адсутнасць беларускіх песень. «Па „Гродна-Плюс“ і яго радыё сітуацыя такая. Гродзенцы заўважылі, што па радыё MFM два дні наогул не круцяць беларускія песні. Усё ж пра 75% чулі? Ну вось. А тут наогул круглы нуль. Грамадзяне звяртаюцца, значыць, у Мінінфарм і цікавяцца: як так? Мінінфарм рэагуе і запытвае ў рэдакцыі архіў эфіру, каб праверыць. І ведаеце — што? Сервер зламаўся, сука! І ніякіх звестак не захавалася. Няма цела — няма справы, вырашылі на „Гродна-Плюс“. Але танная адмазка не пракаціла», — паведаміў праўладны Telegram-канал «КрысолOFF».
Дырэктар «Гродна Плюс» Сяргей Мазайла ў асабістым блогу растлумачыў, што прычынай папярэджання стаў збой тэхнікі, адсутнасць беларускіх песень у рэзервовай базе, тэхнічная памылка супрацоўнікаў Міністэрства інфармацыі - ліст выслалі не на той электронны адрас.
«Пытанне да telegram-каналаў: зможаце з такой жа стараннасцю прызнацца, што былі няправыя убачыўшы інфармацыю і вырашыўшы накінуцца на паспяховае дзяржаўнае СМІ?», — задаўся пытаннем Мазайла.
Суд Ленінскага раёна Гродна 1 верасня прысудзіў 70-гадоваму пенсіянеру з Нясвіжа Васіля Дземідовіча шэсць гадоў калоніі са штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1600 рублёў). Таксама з пенсіянера пастанавілі спагнаць маральную кампенсацыю пацярпелым у суме 32 000 беларускіх рублёў. Яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады, суддзі, Лукашэнка і арганізацыі масавых беспарадкаў, паведамляе «Вясна».
31 студзеня ў Дзяржынску адбудзецца чарговы суд над пенсіянерам. На гэты раз яго абвінавачваюць па арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады).
Дземідовіч — самы пажылы беларус, уключаны ў спіс «тэрарыстаў».
Пад санкцыі трапілі «Транс-Агра» з Смаргоні і «Лакокраска» з Ліды.
Усяго Украіна ўвяла санкцыі супраць 185 кампаній і фізічных асоб. З іх 23 — беларускія прадпрыемствы. Іх актывы заблакавалі на 10 гадоў, а маёмасць кампаній будуць выкарыстоўваць для абароны краіны.
У 2029 годзе яму могуць замяніць неадбытую частку пакарання больш мяккай. Такія тэрміны прапісалі яму ў дакументах месца адбыцця пакарання. З 18 студзеня Дзяніс Івашын знаходзіцца ў ПК № 15 Магілёва.
Абедзве працэдуры прымяняюцца да «асобаў, якія даказалі сваё выпраўленне».
«Яны шчыра вераць, што дажывуць, і нават на сваіх захопленых пасадах аж да 2029 мінімум года. Вось у каго павучыцца аптымізму трэба!», — адрэагавала на гэта жонка палітвязня Вольга Івашына.
Таксама Івашыну змянілі артыкул у прысудзе. Яго асудзілі на 13 гадоў 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у 150 базавых велічынь (4800 рублёў) паводле ч. 1 арт. 356 «Здрада дзяржаве» і ч. 1 арт. 179 КК «Незаконныя збіранне альбо распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці». Так сказана ў даведцы з Гродзенскага абласнога суда. Першапачаткова ў сакавіку 2021 года Дзяніса затрымалі па ст. 365 КК «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў». У прысудзе артыкул не фігуруе.
У 2021 годзе лічба спраў і матэрыялаў, якія паступілі на разгляд судамі вобласці, была 55 444. У 2022-м паступленне склала 58 885 спраў. 976 чалавек пакаралі пазбаўленнем свабоды.
За мінулы год у Гродзенскі вобласці разгледзелі каля 26 000 адміністрацыйных спраў. Больш за 70% вынесеных пакаранняў за адміністрацыйныя правапарушэнні - штрафы.
«Як вынік — сёння ў Гродзенскай вобласці назіраецца кантралюемая грамадска-палітычная абстаноўка, адсутнічаюць істотныя знешнія праявы дэструктыўнай дзейнасці», — лічаць у пракуратуры.
Колькасць злачынстваў у 2022 годзе ў Гродзенскай вобласці зменшылася. Скарацілася колькасць хатняга гвалту, забойстваў, рабаванняў, вымагальніцтваў, хуліганстваў. Скарацілася колькасць траўмаў на вытворчасці, гібеляў і траўмаў у выніку ДТЗ, утапленняў, на пажарах. Лепш выяўляецца карупцыя.
Стала на 82,6% больш махлярства. Таксама вырасла колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі. Гэта крадзяжы, хуліганства і незаконны абарот наркотыкаў і псіхатропаў.
Яго судзілі ў судзе Ваўкавыскага раёна па ч. 2 арт. 411 КК «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы», паведамляе «Вясна».
Сяргей — адзін за адміністратараў Telegram-канала «Армия с народом», муж палітзняволенай Антаніны Канавалавай. У траўні 2021 года яго асудзілі на 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Папярэдні тэрмін утрымання пад вартай гродзенскага журналіста і грамадскага дзеяча Паўла Мажэйкі скончыўся 31 студзеня. Яго не вызвалілі, тэрмін затрымання працягнулі яшчэ на месяц. Пайшоў шосты месяц, як журналіст знаходзіцца за кратамі, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Паўлу абмежавалі пасылкі і бандэролі - іх вага ўлічваецца ў агульную штомесячную вагу перадач у 30 кілаграмаў. Хоць вядома, што астатніх вязняў СІЗА такія абмежаванні не тычацца.
Таксама Паўлу блакуюць перапіску: яму перадаюць лісты толькі ад сям'і, яго лісты таксама даходзяць толькі родным. Ад іншых людзей журналісту час ад часу даходзяць паштоўкі. Павел вельмі ўдзячны ўсім, хто дасылае грашовыя пераводы.
Сокалаў Сяргей Анатольевіч (абвінавачваецца па арт. 289, ч. 4 арт. 295 КК) і Бужынскі Яўген Тадэвушавіч (арт. 130, ст. 361 КК) з Гродзенскай вобласці папоўнілі спіс «тэрарыстаў».
Жыхара Ваўкавыска абвінавацілі у публічнай абразе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч. 1 арт. 368 КК). У красавіку 2021 года на старонцы ў «Одноклассниках» мужчына размясціў выяву Аляксандра Лукашэнкі і падпісаў яе непрыстойным тэкстам.
Яго асудзілі на два гады «хіміі» ў выязным судовым пасяджэнні ў «Ваўкавыскія электрычныя сеткі». Тэлефон канфіскавалі. Мужчына прызнаў віну і раскаяўся.
«Вясна» лічыць, што асуджаны — Аляксей Ярашэвіч.
Ён быў асуджаны на 1,5 гады калёніі за паклёп на Лукашэнку. Судзілі яго за тое, што ён паказаў 11-класнікам на ўроку грамадазнаўства відэаролік з лагатыпам, які прызнаны экстрэмісцкім, паведамляе «Вясна».
Сярод вучняў быў сын мясцовай чыноўніцы, які зняў гэта на мабільны тэлефон і выклаў запіс у «сямейны чат». Пасля гэтага настаўніка звольнілі і распачалі крымінальную справу.
Яго выбралі на пленуме абласнога аб’яднання. З 2019 года ён займаў пасаду старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці. З 2014 года працаваў намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама.
Да яго пасаду старшыні Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў займаў Барыс Казялкоў.
Па словах хлопца, яму прыйшло паведамленне, у якім было сказана, што ў яго на целе знаходзіцца экстрэмісцкая татуіроўка. «Я з’явіўся [у міліцыю] добраахвотна, каб высветліць гэта пытанне, ці праўдай з’яўляецца інфармацыя, што на мяне паступаюць скаргі ад грамадзян, што я дэманструю забароненую татуіроўку на людзях. Абавязуюся яе больш не дэманстраваць, выведу альбо перазаб’ю іншай».
Хлопец сцвярджае, што з ім правялі прафілактычную гутарку і адпусцілі дадому.
Па інфармацыі «Вясны», хлопец — лідчанін Аляксандр Пячко.
Пагоня — былы дзяржаўны і гістарычны герб Беларусі. Пад ім даваў прысягу Аляксандр Лукашэнка. Не прызнаны экстрэмісцкім, але ўлады і прапагандысты спрабуюць яго дыскрэдытаваць. Вядомыя выпадкі пераследу за герб.
Начальнік упраўлення УСК па Гродзенскай вобласці Эдуард Маліноўскі лічыць гэта дасягненнем. «Галоўнае наша дасягненне па выніках года — гэта адсутнасць выпадкаў незаконнага прыцягнення грамадзян да крымінальнай адказнасці, фактаў пастановы судамі апраўдальных прысудаў па крымінальных справах следчых вобласці», — паведаміў ён «Гродзенскай праўдзе». Для параўнання: у Еўропе і ЗША апраўдваюць амаль трэць падсудных, у Вялікабрытаніі - 40%.
15 тысяч заяў аб злачынствах у 2022 годзе атрымалі следчыя Гродзенскай вобласці. Большасць з іх — крадзяжы, нанясенне цялесных пашкоджанняў, незаконны абарот наркотыкаў. Крадзяжы склалі больш за 60% ад колькасці зарэгістраваных у вобласці злачынстваў. Намецілася тэндэнцыя да скарачэння ўзроўню злачыннасці ў цэлым. Сума кампенсаванага ў ходзе следства шкоды і кошту маёмасці, арыштаванага ў яго забеспячэнне, склала больш за 4,8 мільёна рублёў.
Гродзенскі нефармал і мастак Руслан Карчаўлі памёр у турме № 1 Гродна 5 студзеня пасля перанесенай пнеўманіі. Яго змясцілі ў СІЗА па арт. 328 КК.
Выставу запланавалі на гадавіну смерці. Цяпер сябры збіраюць працы мастака.
Актывіста Алеся Масюка падверглі адміністрацыйнаму спагнанню 30 студзеня ў судзе Слонімскага раёна па ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Суд наклаў штраф у памеры 20 базавых велічынь (740 рублёў) з канфіскацыяй мабільнага тэлефона, паведамляе «Газета Слонімская».
Ён некалькі гадоў таму паставіў адзнаку «Падабаецца» на старонцы «Радыё Свабода» ў Facebook і іншых старонках са спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў. Тым самым ён нібыта захоўваў і распаўсюджваў інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Двое сутак Алесь правёў у ІЧУ. У ізалятары спаў на дошках, бо пасцельныя прыналежнасці яму не давалі. Яго два разы ноччу падымалі, патрабавалі падысці да дзвярэй і назваць сваё прозвішча, дату нараджэння і артыкул, па якім затрыманы. 23 студзеня адбыўся суд па скайпе, на якім Масюк заявіў хадайніцтва, што яму патрэбны адвакат. Хадайніцтва было задаволена, і суд перанеслі на 30 студзеня.
Пасля выхаду з ІЧУ Алесь Масюк накіраваў скаргу ў пракуратуру Слоніма на ўмовы ўтрымання ў ізалятары часовага ўтрымання Слонімскага РАУС. Масюк заявіў, што з рашэннем суда Слонімскага раёна катэгарычна не згодны і збіраецца яго абскардзіць.
Міністэрства ўнутраных спраў абвясціла аб правядзенні штогадовага конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ і інтэрнэце працы міліцыі. Рэдакцыя Hrodna.life абрала свае публікацыі, якія лепш за ўсё адлюстроўваюць іх дзейнасць.
Канцэрты ў Гродне ўжо праходзяць без афіш і не ў канцэртных залах. Гэта стала вынікам ціску на культуру пасля пратэстаў 2020 года. Рэдакцыя Hrodna.life разбіралася, да чаго прывядзе цэнзура і абмежаванні ад уладаў. Гэта другі тэкст з цыклу публікацый аб сацыяльна-культурных зменах у Гродне з 2020 года.
Прадпрымальніка з Ваўкавыска Дзмітрыя Марозава затрымалі разам з супрацоўнікамі і сям’ёй 24 студзеня. Пазней сям’ю адпусцілі. Прычына затрымання — нібыта ўхіленне ад аплаты падаткаў.
Дзмітрый Марозаў валодае прыватнай фірмай «Мегасила», якая спецыялізуецца на грузавых перавозках. Паводле версіі Ваўкавыскага міжраённага аддзела фінансавых расследаванняў, бізнесмен зарэгістраваў яшчэ двух індывідуальных прадпрымальнікаў, на якіх аформіў некалькі крамаў і гандлёвых цэнтраў. Дзяржкантроль сцвярджае, што дзякуючы гэтай схеме Марозаў з 2016 года не даплаціў у бюджэт амаль 270 тыс. рублёў падаткаў.
Да дня народзінаў Канстанціна Каліноўскага, 2 лютага, вальс Кацярыны Ваданосавай «1863» ўвасобіўся ў шчымлівую відэагісторыю. Яна — пра людзей, якія змагаліся за волю. Тады мужчыны сыходзілі са зброяй у лясы. Жанчыны — апраналі жалобу ў знак пратэсту. Сёння гісторыя паўтараецца. На яве і на экране. Для Telegram-канала «Тётя Ира разрешила» ўдзельнікі здымак кліпа расказалі, чаму гісторыя даўжынёй у 160 гадоў у 2023-м адчуваецца, як асабістая.
Рэсурс volkovysk.by прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем. Адпаведнае рашэнне прыняў Камітэт дзяржаўнай бяспекі 24 студзеня 2023 года.
Экстрэмісцкім фарміраваннем прызналі групу грамадзянаў «volkovysk.by», аб’яднаных праз сацыяльныя сеткі, мэсэнджары і іншыя інтэрнэт-рэсурсы. У спісе пералічаны суполкі або профілі volkovysk.by у Telegram, Facebook, VK i Twitter. Таксама КДБ паіменна пералічыла сярод удзельнікаў фармавання рэдактара і заснавальніка сайта Алеся Зайцава і рэдактара Аляксандра Таранцея.
Сайт змяніў дамен — зараз гэта volkovysk.eu. Там працягнуць публікаваць навіны горада. Таксама ўладальнікі створаць новыя сацсеткі.
«Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, рэкамендуем адпісацца ад нашых сацыяльных сетак — мы створым новыя, пра якія вы вельмі хутка даведаецеся. Мы маглі б і не даваць, здавалася б, пагібельную для нас параду, але кожны наш чытач і яго бяспека для нас важней, чым першае месца ў пошукавіках», — напісалі ўладальнікі.
Сайт volkovysk.by праіснаваў 13 гадоў. Уладальнікі называюць яго адзіным незалежным рэсурсам горада.
Старонкі гродзенска-беластоцкага журналіста Руслана Кулевіча ў сацыяльных сетках прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Рашэнне прыняў 23 студзеня 2023 года суд Ленінскага раёна ў Гродне. Абноўлены спіс апублікавала Міністэрства інфармацыі.
«Што зменіцца? Нічога! Наша каманда і далей працягне расказваць праўду. Журналіст — не злачынца».
У Беларусі пашырылі спіс кампаній, якім забаронена прадаваць замежную долю ў сваім капітале. Цяпер у ім 1849 юрыдычных асоб, зарэгістраваных у Беларусі. Гродзенская вобласць — на трэцім месцы па колькасці такіх кампаній пасля Мінскай вобласці і Мінска.
У абласных бюджэтах на 2023 год закладзеныя істотна большыя выдаткі на мабілізацыю, чым былі ў 2022 годзе. Так, для Віцебскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей выдаткі вырастуць амаль удвая, а для Магілёўскай — у 4,3 разы параўнальна з мінулым годам. У Гродзенскай вобласці рост самы малы пасля Мінска — у 1,13 разы.
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…