У Беларусі пашырылі спіс кампаній, якім забаронена прадаваць замежную долю ў сваім капітале. Цяпер у ім 1849 юрыдычных асоб, зарэгістраваных у Беларусі. Гродзенская вобласць — на трэцім месцы па колькасці такіх кампаній пасля Мінскай вобласці і Мінска.

У Гродзенскай вобласці такіх кампаній аказалася ўжо 144. У Мінскай вобласці іх 323, у Гомельскай — 122, у Брэсцкай — 110, у Магілёўскай — 105, у Віцебскай вобласці - усяго 50. Амаль палова ад усіх пералічаных — 989 кампаній — зарэгістраваныя ў Мінску. Абноўлены спіс забаронаў замацаваны пастановай Савета Міністраў № 54 ад 23 студзеня 2023 года.

Кампаніі ў спісе — юрыдычныя асобы Рэспублікі Беларусь, удзельнікаў або акцыянераў якіх палічылі «асобамі з замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць несяброўскія дзеянні» ў дачыненні да беларускіх юрыдычных або фізічных асоб. Ім афіцыйна забаранілі продаж прыналежных ім доляў або акцый у статутных фондах іх кампаній. Такім чынам улады Беларусі спрабуюць супрацьстаяць сыходу з краіны замежнага бізнэсу ў сувязі з падтрымкай Расіі ў вайне з Украінай.

Якім кампаніям забаранілі сыходзіць

З Беларусі забаронена сыходзіць такім кампаніям як «Белсолад» (капітал з Кіпра) — вытворца піваварнага соладу, «ГудПаўэр» (Вялікабрытанія) — буйны пастаўшчык былых ва ўжыванні цяжкіх прэсаў, Ляхавіцкі малочны завод (Бельгія), «Беларускія шпалеры» (Літва, Эстонія), Гомельскі вагонабудаўнічы завод (Эстонія), Гомельскі электратэхнічны завод (Літва), «Беліта», «Мілавіца», «Атлант М», «Бургер Кінг», EPAM, «Цэптэр», «Майкрасофт».

Сярод такіх кампаній Гродзенскай вобласці ў спісе з’явіліся:

  • завод «Белкард» з доляй капіталу з ЗША;
  • Лідскі керамзітавы завод з доляй з Латвіі;
  • прадпрыемства «Кронаспан» — вырабляе Будматэрыялы, ёсць капітал з Нідэрландаў;
  • гандлёвы цэнтр «Карона» на Горкага (доля з Рэспублікі Кіпр);
  • прадавец пасцеляў з воўны мэрыносаў" ЛамаГолд «(доля з Польшчы). З фірмай звязаныя гісторыі, калі людзей клікалі на прэзентацыі бялізны, абяцаючы падарункі, там угаворвалі на дарагую куплю і крэдыт. Пасля, усвядоміўшы дарагоўлю, пакупнікі спрабавалі вярнуць пасцельную бялізну, але мусілі плаціць. Часта такімі пакупнікамі аказваліся пенсіянеры;
  • архітэктурная кампанія «ХЕЛИОС-АРХИТЭКС» (доля з Польшчы) — забудоўшчыкі гандлёвага цэнтра «На Замкавай"(Дом рыбака);
  • вытворца грануляванага сульфату амонію «Белаграферт» (доля Вялікабрытаніі);
  • «Белагратэрмінал» (доля з Кіпра), уладальнік вытворча-лагістычнага комплексу ў Смаргоні;
  • вытворца ніжняй бялізны «Голд інтым «(доля з Польшчы);
  • Цэнтр ветэрынарнага навучання (PerfectVet, доля з Польшчы);
  • Кіруючая кампанія холдынгу «Лідсельмаш"(доля з Эстоніі);
  • «Контэ Трэйд» (доля з Аўстрыі) — прадавец прадукцыі Conte (маркі Conte elegant, Conte-kids, DIWARI).

У спісе нямала кампаній — рэзідэнтаў СЭЗ"Гроднаінвест».

Чытайце таксама: В Гродно хотят построить индустриальный парк размером в два Triniti

За паўгода спіс вырас амаль у 10 разоў

Пасля таго, як бізнэсы пачалі сыходзіць з Беларусі пасля нападу Расеі на Украіну, у ліпені 2022 года з’явіўся спіс замежных акцыянераў беларускіх прадпрыемстваў, якім забаранілі адчужаць іх долі (акцыі) у статутных фондах. Тады ў ім было 190 кампаній.

З найбуйнейшых, зарэгістраваных у Гродзенскай вобласці, там было «Лідскае піва». 96,36% акцый кампаніі належыць фінскай кампаніі Olvi. З пачатку вайны прыбытак кампаніі вырас, але ўласнікі не страчваюць надзеі яе прадаць. Таксама ў спіс тады трапілі «Лідсельмаш» (доля капіталу з Эстоніі), «Белагроферт» (Вялікабрытанія), «БСПэнерджы» (Літва), «Даникаплюс» (Літва), «ТЕРРАЗИТ ПЛЮС» (Вялікабрытанія, Ірландыя), «РындиБел» (Швецыя, Фінляндыя), «БТКВосток» (Польшча). Тры з іх звязаны з лесанарыхтоўкай і дрэваапрацоўкай.

У лістападзе 2022 года ў Беларусі Лукашэнка таксама забараніў рэарганізацыю юрыдычных асоб з капіталам з «несяброўскіх» краін.

На 1 студзеня 2022 года капіталы з такіх краін былі ў 3111 беларускіх кампаніях, удакладняе Office life. Гэта палова беларускіх арганізацый з замежнымі інвестыцыямі (усяго на той момант было 6231). «Несяброўскім» належыць 53,2% агульнай сумы ўкладаў у статутныя фонды такіх арганізацый (больш за 1,63 млрд рублёў) і 52,9% назапашаных інвестыцый ($ 6,77 млрд).