У абласных бюджэтах на 2023 год закладзеныя істотна большыя выдаткі на мабілізацыю, чым былі ў 2022 годзе. Так, для Віцебскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей выдаткі вырастуць амаль удвая, а для Магілёўскай — у 4,3 разы параўнальна з мінулым годам. У Гродзенскай вобласці рост самы малы пасля Мінска — у 1,13 разы. Афіцыйна апублікаваныя бюджэты ўсіх абласцей і Мінска вывучала «Зеркало».
Рэгіён | 2023, руб. (% бюджэта) | 2022, руб. |
Брэсцкая вобласць | 1 636 407 (0,065%) | 885 000 |
Віцебская вобласць | 1 832 051 (0,083%) | 996 601 |
Гомельская вобласць | 2 837 769 (0,1%) | 1 616 400 |
Гродзенская вобласць | 651 693 (0,038%) | 577 407 |
Мінская вобласць | 1 580 101 (0,066%) | 1 152 452 |
Магілёўская вобласць | 9 368 869 (0,37%) | 2 153 055 |
Мінск | 1 959 359 (0,021%) | 1 849 515 |
Для Гродзенскай вобласці гэта параўнальна невялікая сума. Напрыклад, на рамонт мясцовай дарожнай сеткі і мастоў з абласнога бюджэту пойдзе 31,7 млн рублёў (агулам на гэтыя мэты выдаткуюць 67 млн рублёў).
У некаторых раёнах выдаткі вырастуць у сотні разоў
Асобна бюджэты раёнаў і гарадоў Гродзенскай вобласці пакуль не апублікаваныя, як і ў Гомельскай вобласці. У Магілёўскай вобласці даступныя для вывучэння амаль усе бюджэты гарадоў і раёнаў, у Віцебскай — амаль напалову, у Брэсцкай і Мінскай — толькі частка.
Практычна ва ўсіх даступных мясцовых бюджэтах у графе «Нацыянальная абарона — забяспечанне мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі» на 2023 год значыцца прыкметна больш грошай, чым год таму. Сярод «чэмпіёнаў» па такім росце — Асіповіцкі і Чавусскі раёны. У Асіповіцкім выдаткі выраслі з 1,5 тыс. да 201 тыс. рублёў - у 134 разы. У Чавускім раёне рост з 942 да 210 тыс. рублёў - у 223 разы.
Найбольшыя сумы на мабілізацыю рыхтуюць Кобрынскі раён і горад Пінск. У Пінску на яе збіраюцца патраціць 4 млн 367,6 тыс. рублёў (1,5% мясцовага бюджэту), у Кобрынскім раёне — 4 млн 364,6 тыс. (2,44%). Гэта больш, чым увесь бюджэт, адведзены на нацыянальную абарону Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей разам. Пры гэтым летась Пінск выдаткаваў на гэтыя мэты ў 78 разоў менш, Кобрын — у 43 разы менш. У Пінску на мабілізацыйныя мерапрыемствы выдаткуюць палову гадавога бюджэту ЖКГ, а ў Кобрыне — больш, чым на добраўпарадкаванне тэрыторый раёна.
У рэспубліканскі бюджэт на 2023 год агулам закладзеныя нашмат большыя выдаткі на нацыянальную абарону. З 1,8 млрд рублёў у 2022 годзе яны вырастуць да 2,8 млрд у 2023. З іх 110 млн пойдзе на забяспечанне мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі.
Чытайце таксама: