Ваенны камісарыят Гродзенскай вобласці плануе вырабіць бланкі «для патрэб мабілізацыйнага напрамку». Для гэтага праводзяць закупку з адной крыніцы.

Збіраюцца вырабіць:

  • 40 000 уліковых картак транспартнага сродку,
  • 2200 зводных картак наяўнасці і тэхнічнага стану транспартных сродкаў,
  • 600 укладышаў у зводную картку,
  • 40 кніг уліку транспартных сродкаў,
  • 15 часопісаў рэгістрацыі транспартных сродкаў.

Агульная сума закупкі - 3305 рублёў. Крыніца фінансавання — абласны бюджэт. Тэрмін пастаўкі - з 5 па 16 снежня.

Падобныя дзяржзакупкі - не рэдкасць. Напрыклад, у красавіку 2022 года ваенны камісарыят збіраўся вырабляць бланкі для накіравання прызыву і мабілізацыйнага кірунку.

Але мабілізацыі няма

Таксама на сайце дзяржзакупак размешчаны два тэндэры на друк бланкаў, звязаных з мабілізацыяй, для Брэсцкага абласнога ваенкамата, заўважыла Zerkalo.io. Толькі персанальных позваў, верагодна, на выпадак яе аб’явы да канца года збіраюцца надрукаваць 180 тысяч.

«Не, гэта ўсё фэйкі, і, скажам так, высмоктваюць нядобрыя людзі інфармацыю з таго, чаго няма. Гэта ідзе татальная зверка рэальных людзей — праверка актуальнасці дадзеных, якія трапляюць у ваенныя камісарыяты, і ўсё. Ні мабілізацыі, ні прызыву няма», — паведамілі тады выданню ў ваенкамаце Брэсцкай вобласці.