5 студзеня ў турме № 1 Гродна памёр Руслан Карчаўлі. Па словах блізкіх, яго змясцілі ў СІЗА «за марыхуану» — верагодна, па арт.328 КК. Ён памёр пасля перанесенай пнеўманіі.
«Пайшоў з жыцця наступны гарадзенскі нефармал. Руслан „Руслапас“ Карчаўлі. Памёр у гарадзенскай турме. Узялі і пасадзілі за марыхуану. Не зрабілі добрага агляду. Памёр ад пнеўманіі. Руслан рабіў для гурта „Кальян“ вокладку да альбома „Б.Н.“ (1999). Свелая памяць! Спі спакойна, Руслан!» — напісаў гродзенскі музыка Алесь Дзянісаў.
«Аднакласнік мой… Вельмі таленавіты. Ён заўсёды маляваў. На занятках, на перапынках. Валадарства Божае», — успамінаюць яго ў каментарах да паста.
Таксама Руслан рабіў лога для групы WAKE UP і фота — для групы «Раса Мечтателей».


Карчаулі было 50 гадоў. Калі менавіта Руслана заключылі пад варту, Hrodna.life даведацца не ўдалося. Апошні пост у яго акаўнце ў Instagram быў зроблены 23 кастрычніка 2022 года. Руслан наведваў канцэрты і падтрымліваў мясцовую сцэну.
«5 студзеня Руслан раптоўна памёр», — напісалі на яго старонцы ў Facebook блізкія. Пахаванне адбылося 7 студзеня. Развітанне прайшло ў зале судмедэкспертызы каля могілак на Касманаўтаў. Для жадаючых развітацца арганізавалі аўтобус.