Веласіпеднае «таксі» працуе на памежным пункце пропуска «Бераставіца — Баброўнікі». Жыхар Вялікай Бераставіцы Мікалай перавозіць людзей праз мяжу на двухмясцовым веласіпедзе, паведаміў «АвтоГродно».
Мужчына кажа, што мэты нажывацца ў яго няма. Ёсць жаданне дапамагчы людзям.
«Заўсёды могуць узнікнуць нечаканасці з перасячэннем мяжы: дзесьці час не разлічылі, дзесьці складанасці паўсталі з дакументамі ў спадарожнікаў. Вось тады можа дапамагчы маё «роварнае таксі», — сказаў Мікалай.
Колькі часу займае перасячэнне мяжы на ровары?
10 лістапада Мікалай зрабіў пробны заезд, каб даведацца колькі часу займае перасячэнне мяжы. «Звычайна хвілін за 40 спраўляюся на веласіпедзе, але ўчора [10 лістапада — Hrodna.life] часу больш сышло — гадзіны паўтары. Але гэта таму, што я ўсе нюансы хацеў высветліць з праходжаннем, дакументамі».
Мікалай спадзяецца, што з часам усё будзе атрымлівацца хутчэй.
На польскай мяжы трэба стаяць у чарзе
На беларускай мяжы веласіпедзісты могуць пад’язджаць адразу да памежнікаў і не стаяць у чарзе. На польскай — агульная чарга і на праходжанне мяжы трэба больш часу.
Веласіпед Мікалая прыпаркаваны каля пункта пропуска. Крэслы закрыты ад дажджу. Наконт аплаты Мікалай не катэгарычны. Ён упэўнены, што знойдзе агульную мову з кліентамі.