Вечарыну да Хэлоўіна ў МЦ “Гродна” адмянілі. Таксама каля адной з тату-студый у Гродне прыбралі святочныя дэкарацыі. На іх паскардзілася гродзенская актывістка Вольга Бондарава з паплечнікамі.
«З Гродна прыйшла вестка, што сатанінскі шабаш ў „Моладзевым цэнтры“ раптоўна адменены», — напісала Вольга Бондарава. Яна падзякавала за гэта кіраўніцтву “Белай Русі”.
Мерапрыемства павінна было прайсці ў суботу, 29 кастрычніка. Канцэпцыя – “галоўны злёт нечысці ўсіх народаў”. Абяцалі конкурсы, падарункі ад партнёраў і музычнае «начынне». Адным з арганізатараў мерапрыемства быў тату-клуб «Храброе сердце». Запрошаны дыджэй – Dj Modno.
Цяпер анонсы мерапрыемствы са старонкі зніклі. Замест гэтага ў МЦ «Гродна» пройдуць нетэматычныя вечарыны.
Прыбралі дэкарацыі
Таксама пасля звароту Бондаравай і воінаў-афганцаў прыбралі святочныя дэкарацыі каля тату-студыі «Храбное сердце» на Леніна, 30.
«Як у краіне, дзе Канстытуцыяй замацавана патрабаванне да кожнага паважаць нашы нацыянальныя традыцыі, можна прапагандаваць чужое? Як у краіне з хрысціянскімі асновамі прадзяржаўная газета можа расхвальваць “свята” праслаўлення сатаны і іншай нечысці (гаворка аб публікацыі „Вечернего Гродно“ аб гэтай лакацыі)?» – задалася пытаннем Вольга.
Не першы раз пад забаронай
Хэлоўін – сучаснае свята, якое ўзыходзіць да традыцый старажытных кельтаў Ірландыі і Шатландыі і традыцыйна святкуецца ў англамоўных краінах. З канца XX стагоддзя мода на атрыбутыку Хэлоўіна ўзнікла ў неангламоўных краін Еўропы і СНД.
Хэлоўін не першы раз забараняюць у Гродне. У 2018 годзе яго не змаглі адзначыць школьнікі.
Чытайце таксама:






