«Свячны дэман на мінімалках» Іван раней гуляў у КВЗ. У Хэлоўін ён хадзіў па горадзе і палохаў людзей. Дызайнерка Аня рыхтавала касцюм Капялюшніка з лета. Аліна купіла аснову для маскі ў Fix Price. Чумны доктар і вампір Пётр упершыню святкуюць у касцюмах. Для Hrodna.life яны распавялі, як рыхтаваліся да восеньскага карнавалу і святкавалі Хэлоўін у Гродне.

Рыхтаваліся да Хэлоўіна з лета дзеля незвычайных здымкаў

«Мы — студэнты дызайну касцюмаў. Гэта наша непасрэдны абавязак — хадзіць на Хэлоўін у касцюмах», — патлумачыла Hrodna.life Ганна Паўлава. Яны з аднагрупніцай Алінай Поян прыйшлі святкаваць у бар «Сон». Дзяўчаты прыбіраюцца для восеньскага карнавалу не першы год. Але такія грунтоўныя касцюмы рыхтавалі ўпершыню.

Хэллоуин в Гродно, бар Сон
Ганна Паўлава ў вобразе Капялюшніка і Аліна Поян ў касцюме друіда.

«Аня чалавек прадуманы. Яна яшчэ летам пачала рабіць касцюм. А я за пару дзён зрабіла маску, — распавяла Аліна — Размачыла ў вадзе пап’е-машэ, змяшала з ПВА-клеем, атрымалася такая вось маса, з якой можна ляпіць форму на аснову маскі з Fix Price».

Так Аліна стала Друідам, а Ганна — Капялюшнікам. У мінулым годзе дзяўчаты былі Аідам і Цёмным эльфам.

«Тут няма ніякага рэлігійнага падтэксту, гэтую тэму лепш не чапаць,» — кажуць дзяўчыны. Ім, як дызайнерам, падабаецца сам працэс стварэння вобразаў. «Прыкольна — чаму б і не». Яны распавялі, што часцей за ўсё касцюмы робяць з падручных рэчаў: «Гэта проста катушачкі, яны потым разбяруцца і будуць ляжаць, як і ляжалі». Хэлоўін для Аліны і Ані - проста яшчэ адна нагода пераапрануцца і адчуць сябе героямі.

Запрашэнне бара «Сон» яны ўбачылі ў Instagram. Вырашылі схадзіць дзеля цікавага дэкору: «Тут прыгожы інтэр'ер, прыгожыя фоткі будуць», — кажа Ганна.

Чумны доктар ці белая варона?

«Атрымалася, што такая кампанія і будзеш не адзін такі дурань, у касцюме», — распавяла Hrodna.life пра святкаванне Хэлоўіна Кацярына Клепікава ў вобразе чумнага доктара.

Хэллоуин в Гродно, бар Quester
Касцюм у дзяўчыны нестандартнага белага колеру. Усё пачалося з плашча-накідкі, яго зрабіла першым і ўжо да гатовай рэчы падбірала колер і дэкор для ўсяго строю. Кацярына — біятэхнолаг паводле адукацыі. Таму кажа, што касцюм трохі звязаны з жывёльным светам: «Па сутнасці, я — варона».

Касцюм яна рыхтавала два дні. Маску зрабіла за ноч з фоамірана, дадала белыя зварачныя акуляры. Іх шкло амаль не прапускае святла, затое добра выглядаюць на фота. «Я бачу толькі сілуэты і абрысы. У бар магу зайсці без дапамогі, таму што я сюды часта хаджу. Можна і ўсляпую», — распавяла Hrodna.life Кацярына Клепікава.

Разам з Чумным доктарам на вечарыну прыйшлі Каця ў вобразе Пятра — двухсотгадовага вампіра з фільма «Рэальныя вупыры» і Даніла ў вобразе мёртвай партовай шлюхі.

Вушкі Кацярына Маланчук рабіла сама з палімернага пластыліну і дроту, а накідку зрабілі ўсяго за гадзіну да выхаду з падкладачнай чорнай тканіны.

У іх гэта першы вопыт святкавання Хэлоўіна. «Захацелася паспрабаваць нешта новае, з’явілася нейкае жаданне», — распавяла Каця Клепікава для Hrodna.life.

Сябры адразу планавалі ісці менавіта ў бар «Quester». Яны і раней часта сюды заходзілі і бачылі рэкламу мерапрыемства.

Адны вераць, іншыя хочуць паказытаць нервы

«Я святкую штогод. У 2019 годзе быў у вобразе дэмана. Гуляў з людзьмі ў косці [на душу]. Сабраў 113 душ», — распавёў Hrodna.life Іван Бараноўскі.

Хэлоўін — адно з трох яго любімых святаў. У гэтым годзе Іван у вобразе Свячнога дэмана з коміксу Doom patrol з сусвету DC. «Але гэта Свячны дэман на мінімалках», — кажа пра сябе Іван. У бар «Quester» ён зайшоў, праходзячы міма: «Убачыў, што тут таксама святкуюць».

«Хэлоўін гэта такое свята, калі трэба выходзіць ражаным і палохаць людзей. Быў у бары „Мендзялееў“. Там таксама вельмі прыкольна, бармэны размаляваны і атмасфера крутая», — распавёў Свячны дэман.

Летась Іван быў у вобразе Цыгана-ведзьмака з празрыстым чэрапам са свечкай унутры. Мінакам ён прапаноўваў спаліць сваё жаданне ў полымі гэтай свечкі. «Была такая тэма — калі жаданне споўніцца, яны павінны будуць мяне знайсці і выканаць маю просьбу. Потым дзевяць чалавек мяне шукалі, людзі вераць у гэта», — распавёў Іван Бараноўскі.

Па словах Івана, у горадзе да яго падыходзяць людзі і просяць сфатаграфавацца — ён нікому не адмаўляе. Успомніў, як увечары за ім хадзілі «малалеткі». Калі ён паварочваўся, дзеці ўцякалі. «Напэўна, хвілін 15 за мной хадзілі. Вырашылі нервы сабе паказытаць».

«Нячысцікаў» пускалі бясплатна, але па пашпартах

Многія гродзенскія бары падтрымалі Хэлоўін адмысловымі прапановамі. У «Бухце» ўсім, хто прыйшоў у вобразе, налівалі гарбузовы шот. «Урбаніст» аформіў інтэр'ер у стылі папулярнага серыяла «Гульня ў кальмара». У касцюме можна было прайсці бясплатна. У «Мендзялееў» бясплатна прапускалі толькі дзяўчат. Праўда, па пашпартах. Некаторыя бары запрасілі дыджэяў. Многія ражаныя распавядалі Hrodna.life, што збіраюцца ўсю ноч хадзіць з бара ў бар, каб убачыць пабольш цікавых вобразаў і паказаць сябе.

Чытайце таксама: