Зруйнаваны на вуліцы Мопраўскай, 6 «некаштоўны» будынак адбудуюць з выкарыстаннем старой цэглы, якая засталася пасля яго руйнавання. Гэта сталя вядома з адказу гарвыканкама, які атрымаў гродзенскі гісторык Мечыслава Супрона на свой зварот. Адказ ён апублікаваў у Facebook.
«Праектнымі рашэннямі прадугледжана ўзвядзенне двухпавярховага будынка з паўторным выкарыстаннем цэглы ад разборкі збудавання для фінальнага вонкавага аздаблення фасада і аднаўлення існуючага дэкору галоўнага фасаду», — сказана ў дакуменце.
Камяніцу пачатку ХХ ст. на вуліцы Мопраўскай, 6 знеслі ў верасні. Будынак не меў статусу гістарычнай каштоўнасці і не быў не вылучаны як шэраговая гістарычная забудова ў праекце зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр Гродна», патлумачылі ў гарвыканкаме ў адказ на зварот гісторыка.
Рашэнне аб дэмантажы было прынята пасля абследавання тэхнічнага стану будаўнічых канструкцый. Стан быў кепскі: падмурак развальваўся, па ўсіх сценах ішлі вялікія трэшчыны, напісаў у каментарах чытач аднаго з гродзенскіх тэлеграм-каналаў.
Будынак на вуліцы Мопраўскай, 6 быў тыповай гарадской камяніцай канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя. Гэта была частка забудовы кварталу вуліцы Малой Траецкай. У пачатку ХХ стагоддзя тэрыторыя, дзе стаяў дом, з’яўлялася густанаселеным яўрэйскім кварталам, у якім у асноўным жылі гандляры і рамеснікі.
«Вуліца Мопраўская ў пачатку ХХ стагоддзя фактычна з’яўлялася часткай вуліцы Малой Траецкай, якая ішла ўздоўж абрыву. Пасля зносу гэтага будынка на Мопраўскай не засталося ніводнага гістарычнага будынка», — сказаў Hrodna.life гісторык Мечыслаў Супрон.
У каментарах на Facebook пісалі, што гэта быў прыватны дом, дзе жыла алімпійская чэмпіёнка Алена Валчэцкая.
Чытайце таксама: Раскопкі каля дома Мураўёва скончылі. Што там знайшлі