Аляксандра Петушкова са Слоніма пачалі судзіць 5 кастрычніка ў Гродзенскім абласным судзе. Яго затрымалі ў студзені — за выказванні аб пратэстных настроях у Казахстане, змене ўлады і ўводзе войскаў АДКБ.

UPD 19 кастрычніка. Аляксандра Петушкова з Гродна асудзілі на 7,5 гадоў калоніі ў Гродзенскім абласным судзе, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».

Аляксандра Петушкова затрымалі тры гродзенскіх амапаўцы ў яго кватэры 12 студзеня 2022 года. Відэа з ім выклалі праўладныя Telegram-каналы. Аляксандр сказаў, што яго затрымалі за каментары пра пратэстныя настроі ў Казахстане, змену ўлады і ўвод войскаў АДКБ (арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы, вайскова-палітычны блок — Hrodna.life). Таксама ў канале сцвярджалі, што Аляксандр «заклікаў да беспарадкаў».

Аляксандра Петушкова ў Гродне будуць судзіць па шэрагу артыкулаў КК:

  • 342 ч. 1 — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
  • 130 ч. 1 — Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці;
  • 368 ч. 1 — Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • 293 ч. 1 — Масавыя беспарадкі.

Прысуд вынесе Дзмітрый Бубенчык.

34-гадовага хлопца ўнеслі ў пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці

Што адбылося ў Казахстане?

Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня 2022 года пасля рэзкага павышэння коштаў на звадкаваны газ праз пераход на рынкавы механізм цэнаўтварэння. Неўзабаве пратэсты ахапілі некалькі гарадоў і сталіцу. Удзельнікі пратэстаў перайшлі ад эканамічных патрабаваньняў да палітычных, якія ўключалі адстаўку ўрада і прэзідэнта Нурсултана Назарбаева.

Падчас пратэстаў у сталіцы спалілі былую рэзідэнцыю прэзідэнта і акімат. У Казахстане абвясцілі надзвычайнае становішча. 6 студзеня войскі АДКБ як міратворчая місія ўвайшлі ў Казахстан, абвясцілі рэжым антытэрарыстычнай аперацыі. 7 студзеня ўлады Казахстана паведамілі аб аднаўленні парадку ў краіне.

Пасля пратэстаў у краіне памяняліся прэм’ер-міністр, дзяржсакратар, спікер ніжняй палаты парламента. З 16 міністраў замянілі палову. Назарбаеў пазбавіўся пасады лідэра кіруючай партыі «Нур Атан». Гэтую пасаду заняў Такаеў.

Не першае затрыманне

Таксама ў студзені 2022 года за каментар аб сітуацыі ў Казахстане затрымалі як мінімум двух мінчукоў. Чым скончыліся іх затрымання, невядома.