У Лідзе на фасадзе пяціпавярховага дома па вул. Ленінская, 17 з’явіўся мурал «Каханне». У яго аснове — гісторыя кахання хлопца і дзяўчыны з двух варожых адно аднаму плямёнаў, пераказаная ў песні «Песняроў». Героі мурала — сучаснікі, якія сімвалізуюць будаўніцтва гарадоў на прынцыпах згоды гарадской культуры і прыроды.
У аснове сюжэту лідскага мурала ляжыць гісторыя кахання. Калісьці гэты рэгіён знаходзіўся на стыку некалькіх культур: балтаў, славян і яцвягаў — племені дайнава. Некаторыя гісторыкі лічаць, што Ліда нейкі час была цэнтрам легендарнага Дайнаўскага княства. Аўтары мурала натхніліся адной з песень ансамбля"Песняры" - «Дайнова». У ёй расказана рамантычная гісторыя дзяўчыны-яцвяжкі (дайнава) і хлопца-літвіна, з якіх і пачалося мірнае суіснаванне варожых плямёнаў. Героямі карціны на пяціпавярхоўцы сталі сучасныя маладыя людзі, якія, як іх продкі, будуюць будучыню горада на прынцыпах любові і стварэння. У іх вобразах таксама можна ўбачыць саюз далікатнага прыроднага пачатку і сучаснай гарадской культуры, падкрэсліваюць аўтары.
Аўтары мурала — вулічны мастак Яўген Сасюра (Mutus) з Пінска і выпускніца аддзялення манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай акадэміі мастацтваў Лізавета Бутрыс (Мінск). Яўген Сасюра таксама быў адным з аўтараў новага гродзенскага мурала з Каложай у бурштыне на БЛК і стваральнікам мурала «Па мару» 2014 г. на вул. Белыя Росы. У сваіх працах мастак камбінуе рэалістычныя вобразы і працятыя сімвалізмам меланхалічныя сюжэты.
Чытайце таксама: «Муралы больше нужны в спальниках». Уличный художник рассказал о смысле нового гродненского мурала и зачем стрит-арт современным городам
Муралы пра міфы для будучага гарадоў
Мурал «Каханне» стаў сёмым у серыі сацыяльна-культурны праекта «Традыцыі для будучыні», прысвечанага 100-годдзю Беларусбанка. Дзесяць аўтарскіх манументальных роспісаў у розных гарадах Беларусі мастакі арт-супольнасці Urban Myths ствараюць у партнёрстве з банкам. У кожным горадзе аўтары праз пераасэнсаванне гісторыі і фальклору імкнуцца ствараць муралы, якія натхнялі б беларусаў рухацца наперад, абапіраючыся на багаты культурны бэкграўнд краіны. Мурал на БЛК таксама з’явіўся ў рамках гэтага праекта.






Urban Myths (раней Signal) — супольнасць і цэнтр падтрымкі вулічных мастакоў, якая імкнецца да паляпшэння гарадской прасторы ў Беларусі і павышэння актыўнасці гараджан. З 2013 года яна курыруе стварэнне манументальных мастацкіх роспісаў беларускіх і міжнародных мастакоў. Праекты Urban Myths рэгулярна трапляюць у міжнародныя агляды найлепшага сусветнага стрыт-арта. Супольнасць існуе з 2011 года, праводзіць акцыі MustAct-MustArt. За ўвесь час з праектам працаваў 31 мастак. Яны выканалі каля 50 буйных праектаў у Мінску, Рагачове, Мазыры, Пінску і іншых гарадах.