Новую школу будуюць у мікрараёне Грандзічы-3. Яна будзе чатырохпавярховай, з басейнам і трэнажорнай залай, разлічана на 44 класы для 1020 вучняў. Першапачаткова адкрыццё планавалі на жнівень 2022 года, пасля тэрміны змяніліся. Прычына затрымак — няма сродкаў.

Зараз ступень гатоўнасці будынка — прыблізна 70%. Збудаваная скрынка, гатовыя вокны, устаўленыя вітражы, расказаў «Вечернему Гродно» прараб участка Сяргей Суркант. Далей па плане — дах, аздабленне і вентыляцыя, але пакуль грошай няма.

Калі фінансаванне будзе, будаўніцтва скончаць да восені 2023 года, паведамляе выданне. Да канца 2022 года на школу павінны вылучыць 3,5 млн рублёў. Гэтыя сродкі пойдуць на завяршэнне контуру будынка і падлучэнне ацяплення.

Як будуюць школу: за 10 месяцаў 13%, за тры — 27%

Школу ў Грандзічах-3 пачалі будаваць у канцы снежня 2020 года. Будаўніцтва ідзе за кошт сродкаў абласнога бюджэту ў рамках інвестыцыйных праграм Гродзенскай вобласці на 2020, 2021 і 2022−24 гады.

У 2022 годзе на будаўніцтва школы прадугледжана вылучыць 6 млн рублёў, адзначылі ў адказе камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама на зварот жыхаркі мікрараёна. Яго апублікаваў Newgrodno.by. У сувязі з эканамічнай сітуацыяй,"зніжэннем даходнай часткі бюджэту" і выдаткамі на барацьбу з каранавірусам ў 2021, улады палічылі немагчымым знайсці дадатковыя сродкі на школу ў 2022 годзе. Датай заканчэння будаўніцтва тады назвалі 31 снежня 2023 года.

26 ліпеня 2021 года СМІ паведамлялі пра гатоўнасць новай школы на 30%. 10 траўня 2022 года чыноўнікі ў адказе жыхарцы давалі справаздачу пра 43% гатоўнасці будынка. Атрымліваецца, што за першыя сем месяцаў будаўніцтва школу ўзвялі на 30%, за 10 месяцаў будаўніцтва прасунулася яшчэ на 13%, а за наступныя тры — на 27%. Пакуль дзеці з Грандзіч ездзяць у школы на Дзевятоўцы — СШ № 32, 27 і 28.

Дзіцячага садка таксама не хапае

Таксама ў Грандзічах-3 запланаваны дзіцячы садок на 335 месцаў. Яго абяцалі здаць у эксплуатацыю ў 2023 годзе. Яслі-сад № 111 на 230 месцаў, які адкрылі ў 2021 годзе, перагружаны — у пачатку 2022 года туды хадзілі 338 дзяцей.

Да 2027 года ў Грандзічах абяцалі будаваць па адным дзіцячым садзе штогод. У Грандичах-1, якія будуюцца, запланаваны дзіцячы садок разам з пачатковай школай. Там пасля выпуску з садка дзяцей будуць вучыць да пятага класа, а пазней пераводзіць у школу па месцы жыхарства або са спецыяльным ухілам.

Чытайце таксама: В новых Грандичах-1 построят два общественных здания. Сколько хотят за участки