Лідчане просяць асвятліць пешаходную дарожку на вуліцы Свярдлова ў цэнтры горада. Праектная дакументацыя з экспертызай ужо распрацавана, аднак у гэтым годзе працы па ўстаноўцы ліхтароў не плануецца. Пра праблему мясцовыя жыхары казалі і раней.

У рэдакцыю Лідскай медыякампаніі звярнулася мясцовая жыхарка. Яна распавяла, што ў цёмны час сутак па пешаходнай дарожцы ад касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі да прыватнага сэктара па вуліцы Свярдлова перасоўвацца небяспечна. Яна папрасіла падняць гэтае пытанне.

На ўчастку плануюць усталяваць каля 58 апор асвятлення

Праектная дакументацыя на ўладкаванне асвятлення ўжо распрацавана і прайшла неабходную экспертызу, паведаміў намеснік галоўнага інжынера Лідскага ДУП ЖКГ Дзмітрый Ліпскі.

Плануецца ўсталяваць каля 58 апор асвятлення. Ліхтары мусяць з’явіцца на ўчастку ад прыпынку да скрыжавання вуліц Пралыгіна і Свярдлова.

– Аллея сама па сабе прыгожая, але яшчэ больш будзе ўпрыгожана асвятленнем, – адзначыў Дзмітрый Ліпскі.

Пры гэтым у 2026 годзе пачынаць працы не плануюць.

Жыхары ўжо падымалі гэтае пытанне

Праблема асвятлення гэтага ўчастка падымалася і раней. Вясной 2025 года ў рэдакцыю «Лідскай газеты» таксама звярталася лідчанка з просьбай звярнуць увагу на пешаходную дарожку, якая вядзе ад заканчэння вуліцы Свярдлова ў бок мікрараёна Індустрыяльны.

Тады ў Лідскім ДУП ЖКГ паведамілі, што пытанне плануюць вырашыць у перспектыве. Начальнік службы па эксплуатацыі энергаабсталявання Дзмітрый Усель распавядаў, што рыхтуецца праектна-скаштарысная дакументацыя на ўладкаванне вулічнага асвятлення на ўчастку ад крайняга прыпынку «Вул. Паўночная» да скрыжавання з вуліцай Пралыгіна.