Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон «Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь». Папраўкі ўводзяць у Беларусі інстытут завочнай судовай вытворчасці. Судзіць завочна змогуць па 34 складах злачынстваў, сярод якіх тэрарызм, генацыд, дзяржздрада, наёмніцтва, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, заклікі да санкцый, масавыя беспарадкі. Раней гаворка ішла пра мінімум 48 артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Папраўкі накіраваныя на тых, хто з’ехаў за мяжу і каго адмаўляецца выдаць краіна знаходжання. Каб пачаўся завочны суд, падсудны мусіць быць паўналетнім грамадзянінам Беларусі. Яму павінны накіраваць апавяшчэнне праз сайты органаў, якія ажыццяўляюць крымінальны пераслед, аб тым, што ў дачыненні да яго распачаты працэс, расказаў намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі, старшыня судовай калегіі па крымінальных справах Сяргей Кандрацьеў на СТБ.

Чалавеку прапануюць з’явіцца і паведамяць аб прынятым рашэнні, калі справа разглядалася без яго. У падсуднага ў любым выпадку будзе адвакат, які павінен удзельнічаць у працэсе. Таксама падсудны мае права абскардзіць прынятае па справе судовае рашэнне асабіста або праз абаронцу. У выпадку, калі працэс ужо пачаўся ў завочным парадку, а потым падсудны добраахвотна з’явіўся, працэс прыпыняецца. Справа пераводзяць у звычайны рэжым ужо з удзелам асобы, у дачыненні да якой яна распачатая.

«Кампенсаваць шкоду» асуджаныя будуць праз маёмасныя спагнанні, у тым ліку канфіскацыю нерухомасці.

Таксама новыя папраўкі ўводзяць права абскардзіць у апеляцыйным парадку рашэнні, вынесеныя Вярхоўным судом па першай інстанцыі. Уводзіцца касацыйная стадыя судаводства з разглядам скаргаў і пратэстаў у прэзідыумах абласных і Мінскага гарадскога судоў.

Раней у ліку патэнцыйных кандыдатаў у абвінавачаныя па «спецыяльным [завочнай] вытворчасці» старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара называў Святлану Ціханоўскую, Паўла Латушку і кіраўнікоў «тых самых фондаў, якія фінансавалі экстрэмісцкія і тэрарыстычныя дзеянні на нашай тэрыторыі».

Чытайце таксама: