Былы работнік прадпрыемства філіял “Завод Хімвалакно” ААТ “Гродна Азот” у чаце “Соседи 5 – 6” у “Viber” абразіў і абгаварыў Аляксандра Лукашэнку. У дачыненні да яго распачалі дзве крымінальныя справы – паводле арт. 367 ч. 1 “Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” і арт. 368 ч. 1 КК “Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Пра гэта распавялі падчас адзінага дня інфармавання ў філіяле “Завод Хімвалакно”, паведамілі у карпаратыўным выданні “Гродзенскі хімік”.
Дадзеныя супрацоўніка і абставіны, пры якіх яго звольнілі, не назвалі.
Работнікаў прадпрыемства папярэдзілі аб крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці. Прадстаўнікі адміністрацыі ўдакладнілі, што знаходжанне пад адміністрацыйным арыштам не з’яўляецца ўважлівай прычынай адсутнасці на працы, гэта значыць, з’яўляецца прагулам. А скасаванне кантракту па ініцыятыве наймальніка за прагул абмяжуе працаўладкаванне на новым месцы.
Прадстаўнікі адміністрацыі закранулі тэмы паводзінаў у сацыяльных сетках, звярнулі ўвагу на спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і растлумачылі, што лічыцца распаўсюджваннем экстрэмісцкай інфармацыі.
Што яшчэ адбылося на “Гродна Азот”
– У 2020 годзе 11 хімікаў звольнілі за прагулы, дваіх – за парушэнне працоўнай дысцыпліны і прычыненне шкоды прадпрыемству. У розны час яны напісалі заяву аб далучэнні да стачкі. Суд прызнаў гэтае рашэнне законным.
– 13 затрыманых стачкамаўцаў і завадчан “Гродна Азот”, Беларускага металургічнага завода, Беларускай чыгункі і “Нафтана” знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Распачата справа па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. Сярод іх – здрада дзяржаве і стварэнне экстрэмісцкага фармавання.
– Раней першасную арганізацыю Беларускага Незалежнага прафсаюза работнікаў ААТ “Гродна Азот” прызналі экстрэмісцкай. Гродзенскі абласны суд таксама прыняў рашэнне аб забароне дзейнасці арганізацыі і яе ліквідацыі.


