КДБ спыніў дзейнасць «арганізаванай экстрэмісцкай сеткі «Рабочы рух». Пра гэта распавёў намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак у сюжэце СТВ увечары 29 верасня.

— Выяўлена, што прадстаўнікі актыву гэтага руху, якія знаходзяцца ў асноўным за мяжой, ажыццяўлялі падборку, псіхалагічную апрацоўку і наступную вярбоўку дзеючых работнікаў найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў з ліку так званых прыхільнікаў пераменаў, якія маюць доступ да звестак абмежаванага характару. Уцягванне ў радыкальную дзейнасць і фарміраванне такім чынам заканспіраванай сеткі ячэек ажыццяўлялася з дапамогай спецыяльна створанага Telegram-канала і шэрагу сакрэтных чатаў у сетцы інтэрнэт пры садзейнічанні і пад кантролем замежных спецслужбаў, — пракаментаваў Канстанцін Бычак.

Паводле яго слоў, прапрацоўваліся «дыверсійныя акты», здольныя паралізаваць працы «Нафтана», «Гродна Азот», БМЗ і не толькі. У тым ліку — шляхам знішчэння асноўнага абсталявання, аб’ектаў інфраструктуры і камунікацый.

«Вербавалі» ў рух, па версіі Бычака, праз членаў сем’яў і праз шантаж кампраматам.

Інтэрв'ю з абвінавачанымі

У сюжэце паказалі відэа допыту абвінавачанага Аляксандра Гашнікава, слесара Беларускага металургічнага завода. Ён распавёў, як перадаваў інфармацыю арганізацыі B*POL, прызнанай экстрэмісцкай. «Садзейнічаў» іх зносінам «Рабочы рух». Па словах журналіста тэлеканала Яўгена Пуставога, яны рыхтавалі дыверсіі на «самых небяспечных заводах краіны» і былі гатовыя «падрываць прадпрыемствы». Іх дзеянні ён назваў «прамысловым экстрэмізмам».

"Прамысловы экстрэмізм". У КДБ пракаментавалі затрыманні завадчан і стачкамаўцаў
Андрэй Пагерыла, былы супрацоўнік «Гродна Азот». Скрыншот Hrodna.life

Таксама ў сюжэце паказалі інтэрв'ю з затрыманым стачкамаўцам з «Гродна Азот» Андрэем Пагерыла. Ён распавёў, што пасля вывешвання на заводзе БЧБ-сцяга і адміністрацыйнага арышту ён «трапіў у поле зроку так званых дэмакратычных сіл». Ён дадаў, што «не вельмі» ў палітыцы і негатыўна выказаўся аб Святлане Ціханоўскай.

"Прамысловы экстрэмізм". У КДБ пракаментавалі затрыманні завадчан і стачкамаўцаў
Уладзімір Цераневіч, памочнік майстра на заводзе «Хімвалакно». Скрыншот Hrodna.life

Ёсць у відэа і Уладзімір Цераневіч, памочнік майстра на заводзе «Хімвалакно» (які ўваходзіць у склад «Гродна Азот»), намеснік старшыні Беларускага Незалежнага прафсаюза «Гродна Азота», які распавёў пра тое, як іх «вялі да дыверсіі», а таксама Ігар Мінц з «Нафтана».

Другі «Чарнобыль»

 — На днях практычна ўзялі групу, якая гатовая была зрабіць другі Чарнобыль у Рэспубліцы Беларусь і ў Еўропе. Лічыце, што нам быў прыгатаваны лёс, напэўна, і Хірасімы, і Нагасакі, і Чарнобыля разам узятых, — пракаментаваў у эфіры СТВ палітолаг Мікалай Шчокін.


На выхадных 18−19 верасня ў Беларусі пачалі затрымліваць завадчан і стачкамаўцаў. У Гродне затрымалі некалькіх былых і дзеючых супрацоўнікаў «Гродна Азот». Увечары 26 верасня аб сітуацыі распавялі ў сюжэтах дзяржаўных тэлеканалаў. 13 затрыманых стачкамаўцаў і завадчан «Гродна Азот», Беларускага металургічнага завода, Беларускай чыгункі і «Нафтана» знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Распачата справа па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. Сярод іх — здрада дзяржаве і стварэнне экстрэмісцкага фармавання. Па першым артыкуле ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі, па другім — да 10.

Гісторыя пераследу: