Гродзенца затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП) і ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. У TikTok ён здымае пад нікам fair.bу — на яго падпісаныя больш за 20 тысяч чалавек.
Гродзенец працуе абліцоўшчыкам-плітачнікам у «Гродзенскіх электрычных сетках». Завуць яго Яраслаў Вялічка, яму 33 гады, даведалася «Наша Ніва».
У TikTok у яго ёсць відэа, прысвечаныя БЧБ-сцягу. Таксама хлопец здымаў аўтазакі, якія прыгналі на Дзень Незалежнасці ў Гродне.
«Хацеў пераменаў, каб была вышэй у мяне зарплата і каб пад меншы працэнт атрымаць сваё жыллё. Віну сваю прызнаў, у зробленым раскайваюся. Раней я думаў, што калі Святлана Ціханоўская стане прэзідэнтам, то мае мары і планы ажыццявяцца. Але цяпер я разумею, што яна вельмі слабы палітык, і нічога добрага не выйшла б, калі б яна прэзідэнтам стала, паколькі ёй кіруе Захад, а сама яна толкам не мае пункту гледжання» — сказаў затрыманы на камеру.