Кавярня “Кофе Саунд” на вуліцы Ажэшкі сышла з франшызы. У кавярні плануюць зрабіць рэбрэндынг і ўжо змянілі назву. Далей змены ў меню і рамонт. Пра гэта Hrodna.life распавяла дырэктарка кавярні, Алена.
“С франшызай [“Кофе Саунд” – Hrodna.life] наша кавярня працавала ўжо шэсць гадоў, разышліся па абаюднай згодзе”, – сказала Алена.
Па словах Алены, прычынаў для сыходу з франшызы было некалькі. “Спачатку кавід, потым праблемы палітычнага характару, якія кожны раз адлюстроўваліся на эканоміцы. Вішанькай на торце стаў доўгі – каля трох месяцаў, рамонт вуліцы [Ажэшкі – Hrodna.life], на якой знаходзіцца кавярня. Замена асфальта і тратуараў не магла не адлюстравацца на колькасці наведвальнікаў і ўсё гэта на фоне лютаўскага павышэння цэнаў на каву, кілішкі і іншую патрэбную прадукцыю”.
Чаму новая назва “MAY BE”
“Назву абірала доўга, хацелася без узгадкі кавы, а “MAY BE” цалкам адлюстроўвае цяперашні мой стан”, – сказала Алена.
May Be – у перакладзе з англійскай мовы – Можа быць.
Па словах Алены, рашэнне сысці з франшызы было спантанным, таму і рэбрэндынг атрымоўваецца запаволены. “Спачатку змянілі назву, зараз у працэсе змены меню. Ёсць агульны план па замене інтэр’ера, але пакуль нічога не адмалявана і не прадуманы некаторыя дробязі”.
Рамонт у кавярні плануюць зрабіць бліжэй да зімы.
Чытайце таксама: Дзе ў кавярнях Гродна папрацаваць з ноўтбукам. Глядзіце месцы ў цэнтры горада
Ці застануцца кубачкі з прадказаннямі?
Кавярня “Кофе Саунд” была вядома тым, што ў ёй на донцах кубачкаў размяшчалі прыемныя прадказанні для клінтаў. У сувязі са зменамі ў кавярні вырашылі не развітвацца з задумкай. Але прадказанні замянілі на “#доброкарты”.

“Магія дарэння дабракарт у тым, што яны нічога не прадаюць, нічога не просяць, не чакаюць, а толькі жадаюць дабра. “Добряш” хоча, каб у цябе ўсё было добра. Не важна ці вернешся ты яшчэ за пакупкай”, напісалі ў Instagram кавярні “MAY BE”.


