У былым басейне «Лазурны» здарыўся пажар. На месца здарэння прыбылі супрацоўнікі МНС, а таксама хуткая дапамога. Відэа з дрона, на якім бачна пажар, даслала ў рэдакцыю Hrodna.life чытачка.

Паведамленне пра ўзгаранне ў ратавальнікаў з’явілася ў 17.44, піша «Вячэрні Гродна» са спасылкай на Гродзенскае абласное упраўленне МНС. Агулам да «Лазурнага» прыбылі чатыры падраздзяленні пажарных. Прычынай пажара стала ўзгаранне смецця. Яно загарэлася ў раёне ўваходу ў басейн у задняй частцы будынка.

Басейн не працуе з 2013 года

Басейн «Лазурный» на плошчы Савецкіх пагранічнікаў - першы крыты басейн Гродна. Яго адкрылі ў 1973 годзе для работнікаў завода карданных валаў, карысталіся ім і іншыя гродзенцы. Будынак закрылі ў 2013 годзе з прычыны аварыйнага стану. За гады прастою спартыўны аб’ект агульнай плошчай у 2000 кв.м. пачаў разбурацца.

Камітэт «Гроднааблмаёмасць» некалькі разоў выстаўляў «Лазурный» на аўкцыён, але здолеў прадаць толькі ў 2018 годзе за 1157 рублёў (на той момант — $ 542). На таргі тады падалі ўсяго адну заяўку. Хто стаў новым гаспадаром аб’екта, не паведамлялася. Басейн абяцалі адрамантаваць і адкрыць у 2021 годзе. Але новы ўласнік з задачай не спраўляўся, будаўнічыя працы так і не пачалі. Тэрмін дамовы з уласнікам заканчваецца ў снежні 2022 года.

Чытайце таксама: У Гродне ў закінутым басейне адкрылі выставу моладзевага мастацтва