Супрацоўнікаў гіпермаркета “Карона” на праспекце Купалы ў Гродне нібыта прымушаюць падпісваць заявы, што яны не будуць хадзіць па прадукты ў дыскаўнтар “Маяк”, які адкрыўся побач. Пра гэта распавяла блізкая да “Кароны” крыніца.

Супрацоўнікі “Кароны”, з якімі ўдалося звязацца рэдакцыі, расказалі, што ніякіх папер падпісваць іх не прымушалі. Але сапраўды вусна папярэдзілі, што закупацца ў “Маяку” нельга. “Калі кагосьці з супрацоўнікаў там убачаць – будуць санкцыі, бо ў канкурэнтаў закупацца нельга”, – распавялі Hrodna.life супрацоўнікі “Кароны”.
Hrodna.life спрабаваў атрымаць каментар ў кіраўніцтва гіпермаркета “Карона”. На электронны ліст, які мы даслалі ў зваротную сувязь, адказ не прыйшоў. Таксама не знялі слухаўку ў аддзеле падбору персаналу ў самім гіпермаркеце на праспекце Янкі Купалы.
Ці былі такія выпадкі раней?
У папярэднія гады кіраўнік гродзенскай “Кароны” звяртаў увагу супрацоўнікаў на тое, што нельга купляць прадукты ў крамах канкурэнтных сетак, кшталту “Еўраопт” і іншых. Пра гэта расказалі Hrodna.life супрацоўнікі крамы. “Маўляў, вы ж працуеце ў “Кароне”, вам трэба працягваць кантракт штогод. Таму трэба падтрымліваць свайго працадаўцу”.
Калі адкрылі краму “Маяк”
Краму сеткі “Маяк” адкрылі на вуліцы Перамогі ў канцы траўня 2022 года. Сетка пазіцыянуе сабе як дыскаўнтар – крама з нізкімі цэнамі. “Маяк” на Перамогі – першая крама гэтай сеткі ў Гродне. Усе “Маякі” ў Беларусі належаць ЗАТ “Дабраном”, які развівае таксама сеткі “Дабраном” і “Капеечка”. Многія лічаць, што “Дабраном” праз пасярэдніцтва іншых кампаній кантралюецца ўласнікамі “Еўраопта”, але апошнія гэтага ніколі не пацвярджалі.
Крама “Карона” на праспекце Янкі Купалы працуе з 2014 года.


