Кнігі “Мифы о Беларуси” Вадзіма Дзеружынскага і “Welcome to Belarus” Алеся Гутоўскага знялі з продажу ў гродзенскай краме “Green”. Кіраўніцтва гіпермаркета правяло разбіральніцтва пасля звароту актывісткі Вольгі Бондаравай. Адказ загадчыка крамы ад 15 чэрвеня Вольга размясціла ў сваім Telegram-канале.
Ёй прынеслі прабачэнні за “дастаўленыя нязручнасці”. Звярнулася Вольга з просьбай прыбраць кнігі 31 траўня.

Аб чым кнігі?
У кнізе “Мифы о Беларуси” разглядаюцца найбольш распаўсюджаныя міфы аб народзе і краіне. “Беларусы – адзіны ў свеце народ, уяўленні якіх пра саміх сябе поўныя міфаў і памылак, часам вельмі дзіўных і нават недарэчных. Якую сферу жыцця ні вазьмі, усюды гэтыя міфы. Парадокс у тым, што да іх усе прывыклі, іх амаль ніхто не заўважае, не ўсведамляе”, – піша у анатацыі аўтар.
“Беларусь – неверагодна прыгожая краіна, багатая сваёй чароўнай прыродай. Нашая прырода разнастайная, а кожная паравіна года адметная і непаўторная. Лес і вада – нашая найвялікшая каштоўнасць, якой мы ганарымся. Але, на жаль, не кожны можа ўбачыць гэтую красу, асабліва жыхары вялікіх гарадоў, якім будзе даспадобы наш альбом. Фатограф чулым і пільным позіркам углядаўся ў беларускія краявіды і здолеў па-майстэрску перадаць іх магію. Альбом адрасаваны беларусам і шаноўным гасцям нашай краіны”, – піша пра кнігу “Welcome to Belarus” аўтар.
Бондарава адзначыла, што абедзве кнігі – выдавецтва “Харвест”, якое выпускала таксама кнігі Віктара Ляхора. Кнігу Віктара Ляхора «Военная история Беларуси. Герои, символы, цвета» 18 красавіка прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі суд Ленінскага раёна Гродна.
Барацьба з кнігамі ў Беларусі
У краме “OZ” ў Гродне пасля звароту Бондаравай прыбралі кнігу “Лето в пионерском галстуке”. Яна распавядае пра аднаполае каханне ў савецкім піянерлагеры. Раней у дзяржаўныя кнігарні паступіла распараджэнне: зняць з продажу раман Джорджа Оруэла “1984”.


