Праз санкцыі на “Гродна Азот” павялічыліся тэрміны дастаўкі тавару кліентам і змянілася геаграфія паставак. Кампаніі-ліцэнзіяры адмовіліся ад супрацоўніцтва. Таксама з’явіліся праблемы ў сферы банкаўскага абслугоўвання. Пра гэта выданню “Нефтехимия” расказаў дырэктар ААТ “Гродна Азот” Ігар Ляшэнка.
Хто адмовіўся працаваць з прадпрыемствам праз санкцыі?
Праект рэканструкцыі цэха олеума прыйшлося мяняць у ходзе рэалізацыі. Праз санкцыі кампанія-ліцэнзіяр (уласнік вынаходкі або тэхналогіі, які выдае ліцэнзію – Hrodna. life) “Хеміанлагенбау Хемніц ГмбХ” (САС, Германія) адмовілася ад супрацоўніцтва з “Гродна Азот”.
На прадпрыемстве заўважылі павышаны попыт на карбамід у свеце. Зараз вывучаюць мэтазгоднасць будаўніцтва цэха карбаміду магутнасцю 1500 тон у суткі (500 тысяч тон у год). Аднак ёсць праблемы з даступнасцю тэхналогіі гранулявання карбаміду, паколькі ліцэнзіярам з’яўляюцца такія кампаніі, як Stamicarbon (Нідэрланды), UFT (Германія) і TOE (Японія).
Аб’ёмы вытворчасці не зніжаюцца
Па словах дырэктара, завод забяспечаны сыравінай і матэрыяламі, не зніжае аб’ёмаў вытворчасці і рэалізуе прадукцыю, у тым ліку на экспарт. Гэта адбываецца дзякуючы мерам, якія прымае кіраўніцтва краіны і прадпрыемства. Сумесна з расійскімі партнёрамі распрацоўваюцца новыя праекты па імпартазамяшчэнні хімічнай сыравіны і матэрыялаў.
Працу прадпрыемства за I квартал у цэлым дырэктар ацэньвае як “здавальняючую”. Чысты прыбытак і рэнтабельнасць продажаў атрыманыя “з адчувальным запасам”. На знешніх рынках павысілася эфектыўнасць экспартных продажаў. Экспарт вырас на 20,7%. Гэтым ён нівеліраваў рост выдаткаў.
Перспектыва
Асноўныя праекты праграмы перспектыўнага развіцця ААТ “Гродна Азот” аб’яднаныя ў карту мадэрнізацыі. У яе ўключаны тры праекты. Два з іх – гэта рэканструкцыя цэхаў аміяк-4 і аміяк-3 з паэтапным павелічэннем магутнасцяў да 2100 тон за суткі, а трэці — будаўніцтва цэха карбаміду.
Іх галоўная мэта – падоўжыць тэрмін службы дзеючых магутнасцяў і адначасова знізіць удзельную энергаёмістасць вытворчасцяў аміяку. А таксама — павялічыць аб’ём вытворчасці азотных угнаенняў у дзеючым рэчыве.
Якія санкцыі ўвялі супраць «Гродна Азот»
ЗША аднавілі санкцыі супраць «Гродна Азот» у красавіку 2021 года. Асобна ў жніўні 2021 года трапіў пад амерыканскія санкцыі дырэктар «Гродна Азот» Ігар Ляшэнка. У снежні 2021 года прадпрыемства трапіла пад пяты пакет санкцый Еўрасаюза. «Гродна Азот» патрабуе адмены санкцый праз Міжнародную арганізацыю працы. Праз санкцыі акрамя італьянскай фірмы “TECNIMONT S. P. A.” разглядаюць і іншыя кампаніі для будаўніцтва новага азотнага комплексу.



