Еўрасаюз зацвердзіў шосты пакет санкцый супраць Расіі. У яго патрапілі і беларускія прадпрыемствы. Сярод іх Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман». Гэта адбылося 3 чэрвеня, у 100-ы дзень вайны Расіі супраць Украіны.

Супраць Гродзенскай тытунёвай фабрыкі ўвялі новыя санкцыі
Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман». Фото: Hrodna.life

«З-за агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны і яе падтрымкі Беларуссю, а таксама паведамленняў аб злачынствах, якія здзяйсняюцца расейскімі ўзброенымі сіламі ва Украіне, савет сёння пастанавіў ўвесці шосты пакет эканамічных і індывідуальных санкцый, накіраваных як супраць Расеі, так і супраць Беларусі», — напісана ў прэс-рэлізе Еўрасаюза.

Чаму гродзенская «табачка» патрапіла пад санкцыі

Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» — Беларускае дзяржаўнае прадпрыемства і адна з асноўных крыніц даходаў рэжыму Лукашэнкі. Доля кампаніі на тытунёвым рынку Беларусі складае 70−80%. Такім чынам, «Нёман» здабывае выгаду з рэжыму Лукашэнкі і падтрымлівае яго, напісана ў тлумачэнні да санкцыйнага спісу.

Супраць якіх Беларускіх кампаній таксама увялі санкцыі

Еўрасаюз ўвёў эканамічныя і персанальныя санкцыі супраць Расіі і падтрымліваючай яе Беларусі. У санкцыйны спіс патрапілі:

  • Беларуськалій
  • Беларуская калійная кампанія
  • Inter Tobacco
  • Нафтан
  • Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман»
  • Белмытсэрвіс
  • Белкамунмаш
  • Белтэлерадыёкампанія
  • Белінвестбанк адключасць ад сістэмы SWIFT

Пад санкцыі патрапілі не толькі кампаніі, але і фізічныя асобы. Сярод іх старшыня цэнтрвыбаркаму Ігар Карпенка, а таксама прапагандысты Ігар Тур, Людміла Гладкая, Грыгорый Азаронак.:

Гэта не першыя санкцыі для тытунёвай фабрыкі

У першую гадавіну фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, 9 жніўня 2021 года, упраўленне па кантролю за замежнымі актывамі Міністэрства фінанаў ЗША (OFAC) увяло санкцыі супраць 23 фізічных асобаў і 21 юрыдычнай асбы. Сярод іх дырэктар «Гродна-Азот» — Ігар Ляшэнка, і Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман».

У верасні 2021 года кампанія «British American Tobacco» спыніла супрацоўніцтва з Гродзенскай тытунёвай фабрыкай «Нёман». Прычынай назвалі санкцыі і абвінавачванні BAT у парушэннях правоў чалавека і незаконным гандлі.

Чытайце таксама: Тытунёвая фабрыка «Нёман» спадзяецца знайсці замену сыравіне з ЕС у Кітаі