Навіны

Ліквідуюць тры арганізацыі, адвакату працягнулі атэстацыю, валанцёра Бабарыка выклікалі ў пракуратуру. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

У Гродне ліквідуюць тры арганізацыі - у тым ліку аб’яднанне былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў. Адвакату з Гродна Аляксандру Бірылаву працягнулі атэстацыю на паўгода. Аднаго з валанцёраў ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыка ў траўні выклікалі ў пракуратуру. Рэдакцыя Hrodna. life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 17 па 22 траўня.

Грамадскую арганізацыю «Воля да развіцця» ліквідуюць

Грамадскую арганізацыю збіраюцца ліквідаваць праз суд па пазове Мінюста. Аб арганізацыі інфармацыі няшмат. Яшчэ ў ліпені-жніўні 2014 года праваабаронцы з Lawtrend заўважылі, што кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня «Воля да развіцця» Міхась Варанец быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і аштрафаваны ў сувязі з адсутнасцю ў арганізацыі інструкцыі аб ўтылізацыі адходаў.

Рашэнне аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці было абскарджана ў суд і адменена ў сувязі з працэсуальнымі парушэннямі.

Ліквідацыя «Волі да развіцця». Скрыншот Hrodna.life

Чарговыя затрыманні

  • Гродзенца затрымалі за «распаўсюд нацысцкай сімволікі» і абразу прэзідэнта (арт. 368 КК). Пра гэта ён сам сказаў на камеру. Сілавікі паведамілі пра гэта ў сваім канале 15 траўня.
  • Жыхара Гродзенскай вобласці затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП) і абразу прэзідэнта (арт. 368 КК). Раней ён прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за абразу супрацоўнікаў міліцыі і непадпарадкаванне службовай асобе.

Блізкія атрымалі ліст ад палітвязня Дзяніса Івашына — праз больш за паўгода

«Праз болей, чым паўгады, вязьнічная „пошта“ ў нашым ліставаньні запрацавала. Хай так і застаецца», — напісала яго жонка Вольга. Да гэтага ліста не прыходзілі больш за 240 дзён.

«Сапраўдным цудам для мяне стаўся твой ліст, які мне перадалі (№ 33 ад 20 сакавіка 2022 г.). Перадалі зьнянацку, раптоўна, практычна пасьля паўгоду ад таго дня, калі я апошняга разу атрымаў паштовую капэрту з тваім новым лістом, напісаным тваёю пяшчотнай рукою. Нават не ўяўляеш, якая для мяне гэта падзея!» — напісаў Дзяніс.

Гродзенка стала прататыпам для антываеннага урала «Mój Dom-Мій Дім» у польскім горадзе Сьрэм

Стварыў яго гродзенскі мастак Марк Максімавіч. Аляксандра нарадзілася ў Гродне, дзіцем разам з бацькамі і братамі пераехала ў Кіеў. Больш падрабязную інфармацыю аб гісторыі урала дзяўчына распавяла ў Instagram.

Гродзенка стала прататыпам для антываеннага мурала Mój Dom. Фота з Instagram

«Інфаспецназаўка» Вольга Бондарава папрасіла Белтэлекам прыбраць рэкламу USAID і напісала ў арганізацыю калектыўны зварот

У Белтэлекам ёй паведамілі, што сацыяльная рэклама аб супрацьдзеянні гвалту над дзецьмі транслявалася на тэлеканале «ЯСНАе TV» з 2019 года «выключна з мэтай папярэджання і прадухілення выпадкаў гвалту над дзецьмі».

«Улічваючы калектыўны зварот і той факт, што некаторыя міжнародныя сацыяльныя праекты, згаданыя ў рэкламным роліку, закрытыя, трансляцыя гэтай сацыяльнай рэкламы ў эфіры тэлеканала „ЯСНАе TV“ спыненая», — напісалі ў адказ на зварот.

Штогод у Беларусі выносяць больш за 500 000 судовых пастаноў

З пастаноў, якія выносяцца судамі першых інстанцый, у другую інстанцыю, у апеляцыю абскарджваюцца парадку:

  • 20% прысудаў,
  • 4−5% рашэнняў па грамадзянскіх справах,
  • 11−12% рашэнняў судоў па эканамічных справах,
  • 1−1, 5% пастаноў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Астатнія судовыя пастановы ў вышэйстаячыя суды не абскарджваюцца. «Бакі альбо задаволеныя вынікам разгляду справы, альбо пагадзіліся з тым, што суд прыняў у дачыненні да іх законнае і справядлівае рашэнне, і прававых падстаў для яго абскарджання не існуе», — распавёў расійскаму інфармацыйнаму агенцтву Sputnik першы намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Беларусі Валерый Калінковіч.

«2020 год у гэтую працу чагосьці асабліва ўнікальнага, я б сказаў, не ўнёс, як у прынцыпе, і ў іншыя сферы дзяржаўнага жыцця. Некаторыя прадстаўнікі судзейскага корпуса палічылі немагчымым для сябе працягваць працу ў тых умовах, якія складваліся ў 2020-м годзе. Яны пакінулі нашы шэрагі. Мы, у прынцыпе, з разуменнем паставіліся да іх вырашэння, таму што суддзёй нельга працаваць пад прымусам», — расказаў суддзя.

Палітвязня Арцёма Касакоўскага, асуджанага да пяці гадоў калоніі, будуць судзіць яшчэ па трох артыкулах

У судзе Лідскага раёна 19 траўня пачнецца разгляд новай крымінальнай справы супраць 23-гадовага палітвязня Арцёма Касакоўскага, паведамляе «Вясна».

Ён адбывае тэрмін у пяць гадоў зняволення па «справе чата» ў наваполацкай калоніі, але цяпер яго будуць судзіць па новых артыкулах Крымінальнага кодэксу за ўдзел у акцыях пратэсту ў родным горадзе (Ліда) у жніўні 2020 года.

Арцём Касакоўскі. Фота: «Вясна»

З Андрэя Дзюка вырашылі спагнаць даўгі за камуналку прадстаўнікі папраўчай установы адкрытага тыпу № 29 па Гродзенскай вобласці

Раней такі ж суд прайграў Ігар Банцэр, які не хацеў плаціць, так як большасць часу правёў у ШІЗА за межамі ПУАТ.

Пасяджэнне ў судзе. Скрыншот Hrodna.life

Двух гродзенцаў судзілі па арт. 24.54 КаАП «Незаконныя дзеянні ў адносінах да дзяржаўных сімвалаў»

У Гродзенскім абласным судзе 5 траўня да трох гадоў калоніі асудзілі 50-гадовага Андрэя Ражкова

Яго абвінавачвалі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 1 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці),
  • арт. 364 (пагроза гвалтам у дачыненні да супрацоўніка міліцыі),
  • арт. 391 (абраза суддзі),
  • арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).

У чым канкрэтна прызналі вінаватым мужчыну, пакуль невядома, піша «Вясна». Вядома, што яго ўтрымліваюць пад вартай з 17 лістапада 2021 года.

Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Бубенчык.

16 траўня на волю выйшаў Андрэй Ханевіч — старшыня незалежнага прафсаюза «Гродна Азот»

Андрэй Ханевіч. Фота: Telegram-канал завадчан

Ён адбываў 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Андрэя асудзілі прама ў РАУС, куды яго выклікалі. За што яго судзілі - невядома.

Першасная арганізацыя Беларускага Незалежнага прафсаюза работнікаў ААТ «Гродна Азот» 11 траўня прызнана экстрэмісцкай. Таксама прынята рашэнне аб забароне яе дзейнасці і ліквідацыі.

У Гродне аднаго з валанцёраў ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыка ў траўні выклікалі ў пракуратуру

Аб іншых выкліках у Гродне пакуль невядома. У сярэдзіне траўня ў Мінску ў валанцёраў прайшлі масавыя ператрусы, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Прычына — нібыта «зліў дадзеных» «Черной книги Беларуси» і «Карателей Беларуси».

Паводле папярэдняй інфармацыі, у красавіку сілавікі затрымалі аднаго з валанцёраў ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыка і цяпер прыходзяць па кантактах, знойдзеных у яго запісной кнізе.

Адвакату з Гродна Аляксандру Бірылаву працягнулі атэстацыю на паўгода

Паўгода таму яму далі адтэрміноўку атэстацыі на шэсць месяцаў, паколькі ён паказаў «недастатковы ўзровень ведаў заканадаўства, неабходных для ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці». Адвакат павінен быў прайсці курсы павышэння кваліфікацыі.

Зараз Бірылаў абараняе палітвязня журналіста і актывіста Саюза палякаў Анджэя Пачобута і абвінавачаных па справе Мікалая Аўтуховіча.

Адвакат Аляксандр Бірылаў. Фота: facebook.com/albirilov​

На Лідскім малочна-кансервавым камбінаце супрацоўнікаў прымушаюць пісаць заяву пра ўступленьне ў «Белую Русь»

Пра гэта паведамляюць чытачы Б**сат. «У канцы заявы трэба дапісаць: „Пераканаўча прашу вылічваць грашовую суму ў памеры X% з майго заробку“. Прыкладна 0.3%, капейкі, але… народа-та шмат», — распавялі чытачы.

На гродзенца Уладзіміра Родчанку, які стаяў на каленях з плакатам пацярпелай падчас пратэстаў дзяўчынкі, распачалі крымінальную справу

«Теперь и у меня 188 ст. УК РБ… Клевета… Возбуждено оно ещё 10 января 2021 года, тем самым следственным комитетом, который отказался возбуждать дело по факту моего избиения на территории Ленинского РОВД Гродно. Кстати и двух месяцев не прошло, неужели я сам себя избил, а обвинил честных милиционеров? Не знаю, почему только недавно они официально сообщили об этом, да и какая разница…» — напісаў Уладзімір Родчанка ў Facebook.

Уладзімір Родчанка — інжынер-праграміст у Godel Technologies. Падтрымліваў акцыі салідарнасці ў Гродне ў 2020 годзе. 12 жніўня 2020 года Уладзімір з трыма знаёмымі ўстаў на калені насупраць Гродзенскага аблвыканкама з фота пяцігадовай дзяўчынкі, якая пацярпела ўвечары напярэдадні. Гродзенцаў затрымалі, збілі ў РАУС і размалявалі твар маркерам. Уладзімір трапіў у бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. Потым ён з’ехаў з Беларусі.

Уладзімір Радчанка. Фота: Руслан Кулевіч, з архіва Hrodna.life

У Гродне пачалі судзіць бізнэсмэна Віктара Рукшу. Падчас пратэстаў ён паскардзіўся на сілавікоў і атрымаў крымінальную справу

Пасяджэнні па справе ўладальніка крамы «АвтоЗапчасти» Віктара Рукшы пачаліся ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 17 траўня. Яго судзяць за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі (арт. 424 ч. 3 КК) і ўхіленне ад выплаты падаткаў (арт. 243 ч. 2 КК у рэдакцыі да 26 траўня 2021 года). У жніўні 2020 года Віктар паскардзіўся на сілавікоў. На яго завялі крымінальную справу. Некалькі месяцаў Рукша спрабаваў абскардзіць у судах акты, на падставе якіх яго абвінавацілі, але безвынікова.

У Гродне пачалі судзіць Мікалая Аўтуховіча і яго «паплечнікаў»

Першае судовае пасяджэнне па справе Мікалая Аўтуховіча пачалося 18 траўня ў залі суда Турмы № 1. Прадпрымальніка з Ваўкавыска абвінавачваюць адразу па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Агулам судзяць групу з 12 чалавек. Двое з іх нібыта «асабліва небяспечныя». У час суда яны будуць знаходзіцца ў асобных клетках «стаканах».

19 траўня ў судзе пачалі зачытваць абвінавачванне Аўтуховічу.

Мікалай Аўтуховіч на судзе. Фота: БелТА

У кнігарнях знялі з паліц «1984» Джорджа Оруэла

У дзяржаўныя кнігарні раніцай 18 траўня паступіла распараджэнне: зняць з продажу раман Джорджа Оруэла «1984». Гэту інфармацыю Hrodna. life пацвердзілі ў кнігарнях «Раніца» і «Праметэй» у Гродне, якія ўваходзяць у прадпрыемства «Белкніга».

Раман Джорджа Оруэла «1984» у перакладзе на беларускую мову. Фота: Hrodna. life

У Гродне ліквідуюць «Гонар Радзімы» і аб’яднанне былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў

У Гродзенскім абласным судзе пачалі працэс ліквідацыі дзвюх грамадскіх арганізацый. Гэта — абласны спартыўна-патрыятычны клуб «Гонар Радзімы» і Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў. У той жа час улады рэгулярна кажуць аб «генацыдзе беларускага народа», патрыятызме і захаванні гістарычнай памяці.

Настаяцеля царквы ў Альшанцы знялі з пасады. Раней з ім правялі прафілактычную гутарку супрацоўнікі міліцыі

Іерэя Андрэя Наздрына, настаяцеля праваслаўнага прыхода ў Альшанцы (прыход храма Свяціцеля Спірыдона Тріміфунцкага), вызвалілі з пасады. Указ іерэй Андрэй Ноздрын атрымаў 18 траўня 2022 года. Разам з пасадай настаяцеля Наздрын таксама страціў пасаду кіраўніка місіянерскага аддзела і адказнага па пытаннях фізічнай культуры і спорту Гродзенскай епархіі.

Святар Андрэй Ноздрын. Фота: Instagram героя

У Беларусі заблакавалі яшчэ адзін гродзенскі сайт

Гродзенскі навінавы рэсурс 015. by перастаў адкрывацца ў Беларусі 20 траўня. Пры спробе зайсці на яго высвечваецца паведамленне, што «доступ абмежаваны на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі». Праз VPN сайт адкрываецца.

Гродзенскі фрык-тэатр знік з афішы «Ночы музеяў» і можа страціць месца ў цэнтры культуры

Афіша тэатра «Гексаген». Фота: арганізатараў

Фрык-тэатр «Гексаген» павінен быў выступіць на Ночы музеяў у Гродне. Гэта абурыла праўладную актывістку Вольгу Бондараву. У выніку афіша падзеі знікла з сайта Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры (ГЦК). Па горадзе пайшлі чуткі, што «Гексаген» наогул плануюць выгнаць з цэнтра. Журналіст Hrodna. life спытаў пра адмену мерапрыемства і будучыню тэатра ў дырэктара ГЦК Уладзіміра Сацюка.

Чаму не ўсім зняволеным па палітычных матывах даюць статус палітычных? Тлумачаць праваабаронцы

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на 21 траўня 2022 у Беларусі налічваецца 1204 палітычныя зняволеныя. Але некаторых зняволеных палітычнымі дагэтуль не прызналі. Напрыклад, Мікалая Аўтуховіча, над якім ідзе суд у гродзенскай турме. Hrodna. life спытаў праваабаронцу і актывістку, чаму не ўсіх зняволеных прызнаюць палітычнымі, якія крытэрыі прызнання і ці трэба іх мяняць.

Чапаеў вярнуўся ў Гродна. Дзе паставілі помнік, які знялі тры гады таму

Бюст Васілія Чапаева, які дэмантавалі з вуліцы Васілька ў лютым 2019 года, усталявалі ў скверы на вуліцы Шчорса. Ён будзе знаходзіцца побач з вайсковай часткай 5522, у якой базуецца гродзенскі АМАП. Раней бюст планавалі перадаць у гісторыка-археалагічны музей.

Помнік Васілію Чапаеву на вуліцы Шчорса. Фота: Hrodna. life

Праект былога журналіста Hrodna. life Руслана Кулевіча прызналі экстрэмісцкім

Суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў інфармацыйную прадукцыю MOST Media экстрэмісцкай. Гэта адбылося яшчэ 28 красавіка 2022 года, але ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў рашэнне дадалі толькі ў сярэдзіне траўня. Разам з сайтам экстрэмісцкімі прызналі суполкі ў ВКонтакте і Facebook, а таксама Telegram-канал.

Таксама прызналі экстрэмісцкімі:

  • Telegram-канал з назвай «Кибер-Партизаны чат» — па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна ад 12 траўня 2022 года.
  • Інтэрнэт-старонка ў «Одноклассники» «Свобода Беларусова» — па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна ад 29 красавіка 2022 года.
  • Telegram-чат «Гродно Разам» — па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна ад 28 красавіка 2022 года.

Апошнія запісы

У банку вакансій Гродзенскай вобласці больш за 19,3 тысячы прапаноў — лічба расце трэці год запар

У снежні 2024 года колькасць свабодных працоўных месцаў у вобласці склала больш за 19,3 тыс.…

19 снежня 2024

750 «экстрэмісцкіх» крымінальных спраў узбудзілі ў Гродзенскай вобласці за 2024 год

Усяго ў Гродзенскай вобласці з 2020 года распачалі каля 3250 крымінальных спраў «экстрэмісцкай накіраванасці». У…

19 снежня 2024

Гродзенцы «недаплацілі» гарадскому транспарту больш за 11 тысяч рублёў

Павялічылася колькасць гродзенцаў, якія ездзяць без білета ў грамадскім транспарце. У параўнанні з 2023 годам…

19 снежня 2024

Польшча наклала санкцыі на яшчэ трох экспарцёраў прадукцыі «Гродна Азот»

У польскі санкцыйны спіс трапілі тры прадпрыемствы-экспарцёры прадукцыі беларускага прадпрыемства «Гродна Азот», паведамляе Biznes Alert…

19 снежня 2024

Пад Гроднам аднавілі мост, які рухнуў з-за ліўняў

У вёсцы Кунцаўшчына Гродзенскай вобласці аднавілі мост цераз раку Лашанку. Ён абрушыўся ў жніўні 2024…

19 снежня 2024

Гродзенец вырабляе незвычайныя дошкі для сервіроўкі - упрыгожвае іх сапраўднымі кветкамі

Гродзенец Юрый робіць дошкі для сервіроўкі і дэкаруе іх сухацветамі і эпаксіднай смалой. Свае незвычайныя…

19 снежня 2024