У дзяржаўныя кнігарні раніцай 18 траўня паступіла распараджэнне: зняць з продажу раман Джорджа Оруэла “1984”. Гэту інфармацыю Hrodna.life пацвердзілі ў кнігарнях “Раніца” і “Праметэй” у Гродне, якія ўваходзяць у прадпрыемства “Белкніга”.

У прыватныя кнігарні такое распараджэнне не паступала, расказалі ў кнігарні OZ у Гродне. Ёсць кніга і ў дробных прыватных распаўсюднікаў. Таксама раман “1984” можна набыць у інтэрнэт-крамах і маркетплэйсах, напрыклад на Wildberries.
Хаця кніга знікла з паліц дзяржаўных крамаў, некалькі розных выданняў “1984” дагэтуль можна заказаць праз сайт “Белкнігі”. У тым ліку – беларускі пераклад, выдадзены “Янушкевічам”. Журналіст Hrodna.life паспрабаваў зрабіць заказ – пакуль ён застаецца ў статусе “Чакае апрацоўкі”.
У дзяржаўных кнігарнях у продажы застаюцца іншыя кнігі Оруэла: “Ферма”, “Англія і англічане”, “Эсэ”.
Пра што раман “1984”
Антыутопія Джорджа Оруэла «1984» апісвае таталітарнае грамадства. Жыхары пазбаўленыя грамадзянскіх правоў і індывідуальнасці, ідэя парадку абсалютызуецца, існуе культ асобы Вялікага Брата, ад людзей патрабуюць поўнага і некрытычнага падпарадкавання ўладам. Нават мову змяніла навамоўе. «Вайна — гэта мір», «свабода — гэта рабства» і «Вялікі Брат сочыць за табой», — гэтыя выразы з рамана сталі афарызмамі.
Раман не раз выходзіў у Беларусі
Сяргей Шупа пераклаў раман на беларускую мову ў 1992 годзе. Тады выйшла першае выданне. У 2020 годзе кнігу перавыдала выдавецтва “Янушкевіч”. У 2021 годзе выйшаў дадатковы наклад.
У траўні 2021-га кіраўнік “Белкнігі” Аляксандр Вашкевіч расказваў, што “1984” займаў 4 месца сярод найбольш прадаваных кніг у кнігарнях сеткі.


