У мікрараёне Грандзічы плануюць пабудаваць пажарную частку. Яе хочуць размясціць на тэрыторыі былой вайсковай часткі. Зараз там адбываюцца падрыхтоўчыя працы, паведаміў Newgrodno.by.

Месца выбралі ў сувязі з развіццём інфраструктуры і пашырэннем мікрараёна, якому трэба гарантаваць пажарную бяспеку.
Што ўжо зрабілі
На тэрыторыі былой вайсковай часткі засыпалі пруд. Падчас працаў выкарысталі грунт з будаўніцтва дарог у жылым мікрараёне. Побач пракладаюць участак будучай кальцавой аўтамагістралі.

Праект новай пажарнай часткі ўжо нібыта ёсць, паведаміў Newgrodno.by. Але пакуль няма ні падрабязнасцей, ні інфармацыі калі пачнецца будаўніцтва.
Да 2025 і далей
Жылы раён Грандзічы пачалі будаваць у 2018 годзе. Асноўны забудоўшчык — ААТ «Гроднажылбуд». Усяго тут збіраюцца пабудаваць 22 мікрараёны: 14 пад шматпавярховую забудову і 8 — для прыватных дамоў. Паводле планаў у Грандзічах будуць пражываць 65 тысяч чалавек. Агульная плошча мікрараёна — 653 гектары.