Новы мікрараён размесціцца ў межах вуліц Вясенняя, Каліноўскага, Санфіравай і Паркавая. Грамадскае абмеркаванне плану забудовы пройдзе з 23 верасня да 17 кастрычніка, паведаміў канал Urban Hrodna.

Агульная плошча мікрараёна складзе 47,45 га. Грамадскія цэнтры раённага значэння створаць на скрыжаваннях вуліцы Вясенняй і праспекта Будаўнікоў, вуліцы Каліноўскага і праспекта Будаўнікоў, вуліцы Вясенняй і вуліцы Каліноўскага, а таксама на скрыжаваннях асноўных пешаходных сувязяў унутры квартала.

Вышынныя акцэнты раёна — дамы ў 19 паверхаў - прадугледжаны ў яго цэнтральнай частцы. Яны мусяць сфармаваць горадабудаўнічы сілуэт ва ўвязцы з існуючай шматпавярховай забудовай і гістарычным цэнтрам горада.

Змяшаная жылая шматкватэрная забудова ў 5−10 паверхаў у асноўным фармуецца па перыметры жылога квартала і ўздоўж магістральных вуліц. На першых паверхах дамоў убудуюць аб’екты сацыяльна-бытавога абслугоўвання.

Алея ўнутры раёна і паркінгі па перыметры

Унутры квартала запраектавана азелянённая пешаходная алея з дзіцячымі і спартыўнымі пляцоўкамі і пляцоўкамі адпачынку. Уздоўж яе прадугледжаны аб’екты сацыяльнага і культурна-асветнага прызначэння.

Паркоўкі і паркінгі размесцяць па перыметры квартала па-за межамі двароў. У дварах прадугледжаны праезды для эпізадычнага абслугоўвання будынкаў і захоўвання аўтамабіляў людзей з інваліднасцю. Праектанты прадугледзелі 1 машына-месца на 1 кватэру і дадаткова 180 машынамесцаў для аб’ектаў сацыяльнага, культурнага і бытавога прызначэння з улікам сумеснага выкарыстання.

Куды плануюць размяшчаць дзяцей

У мікрараёне збудуюць дзіцячы садок на 180 месцаў, сумешчаны з пачатковай школай на 200 месцаў. Таксама рэканструююць санаторны яслі-сад № 34 на 180 месцаў. Яшчэ 570 дзяцей хочуць размясціць у перспектыўнай школе, спраектаванай на скрыжаванні праспекта Будаўнікоў - вуліцы Вясенняй або ва ўжо існуючых школах паблізу: рэзерв гімназіі № 2 складае 482 месцы, рэзерв школы № 23 — 90 месцаў.

Можна паўдзельнічаць у грамадскім абмеркаванні

Заўвагі і прапановы (з пазнакай «грамадскае абмеркаванне») з 23 верасня да 17 кастрычніка прымае:
— Гродзенскі гарвыканкам (пл. Леніна, 2/1, 230 023, Гродна / gorisp@gorod.grodno.by / «Электронныя звароты» на grodno.gov.by);
— Упраўленне будаўніцтва, архітэктуры і градабудаўніцтва (пл. А.Тызенгаўза, 3, 230 023, Гродна / arhitektura@gorod.grodno.by).

Паглядзець праект самастойна можна будзе з 23 верасня да 7 кастрычніка (8:00—17:00, пн-пт) у вестыбюлі будынка ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і градабудаўніцтва гарвыканкама.

Прэзентацыя праекта пройдзе 5 кастрычніка ў 15.00 у каб. 1 (1 паверх) будынка ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і градабудаўніцтва гарвыканкама.

Чытайце таксама:

На Фолюшы пачалі будаваць першыя дамы новага мікрараёна. Цана за квадрат — амаль 700 долараў

Катэджы, панэлькі і спальныя раёны. Разбіраемся з гарадской забудовай у падкасце «Утульны горад»