Дзевяць чалавек – прадстаўнікі беларускага бізнесу і Міністэрства абароны – патрапілі ў санкцыйны спіс Канады. Адзін з іх – уладальнік прадпрыемства “Контэ Спа” Валянцін Байко.

Уладальнік гродзенскага “Контэ Спа” патрапіў пад санкцыі з-за вайны ва Украіне
Валянцін Байко. Фота: Твой Стыль.

Афіцыйная прычына ўключэння ў спіс – “садзеянне і дапушчэнне парушэння суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Украіны”. Асобам, уключаным у санкцыйны спіс, будзе забаронены ўезд у Канаду, а іх магчымыя актывы ў Канадзе будуць замарожаны. Прадстаўнікам Канады забаронена аказваць гэтым асобам любое садзеянне, гандляваць з імі, перадаваць і прадаваць тэхналогі і тэхніку.

Якія яшчэ бізнесоўцы патрапілі пад санкцыі Канады:

  • Аляксандр Шакуцін – уладальнік “Амкадор”;
  • Уладзімір Пефціеў – ранейшы ўладальнік “Белтэхэкспарт” (гандаль зброяй), “Спорт пары”, “Дзелавая сетка”, “Аквадзіў” і іншых кампаній, якія змянілі ўласніка, пасля таго як Пефціеў у 2011 годзе трапіў пад санкцыі ЕС;
  • Анатоль Тарнаўскі – “Юнівест-М” (нафта і будаўніцтва) і іншыя кампаніі, таксама быў пад санкцыямі ЕС дзесяць гадоў таму і змяніў структуру бізнесу для іх абыходу;
  • Павел Тапузідзіс — уладальнік СП ТАА «Тытунь-Інвест» (гіпермаркеты «Карона» і тытунёвы бізнес);
  • Яўген Баскін – уладальнік групы кампаній «Сервалюкс».

Акрамя прадстаўнікоў бізнесу пад канадскія санкцыі патрапілі беларускія вайскоўцы: намеснікі міністра абароны Андрэй Жук, Андрэй Бурдыка і Сяргей Сіманенка.

Валянцін Байко – старшыня агульнага сходу ўдзельнікаў “Контэ Спа”. Нарадзіўся ў Гродне ў 1969 годзе. Скончыў ГрДУ імя Янкі Купалы. Па адукацыі – настаўнік пачатковых класаў і музыкі. Жанаты, мае двух сыноў і дачку.

Кампанія «Контэ Спа» была заснавана ў 1997 годзе ў Гродне. За 24 гады фірма вышла на пазіцыю лідара ў вытворчасці адзення, бялізны, панчошна-шкарпэтачных вырабаў ва Усходняй Еўропе..Валянціна Байко ў 2017 годзе занеслі ў Кнігу славы Гродна.

Валянцін і яго брат Дзмітрый шмат гадоў уваходзяць у спіс 100 самых уплывовых і паспяховых беларусаў.

Чытайце таксама: Санкции, ограничения и отмены. Чего лишилась Беларусь из-за российской агрессии против Украины

Хто з гродзенскіх кіраўнікоў ужо пад санкцыямі

У гадавіну фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, 9 жніўня 2021 года, упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінанаў ЗША (OFAC) увяло санкцыі супраць 23 фізічных асобаў і 21 юрыдычнай асобы. Сярод іх дырэктар «Гродна Азот» — Ігар Ляшэнка.